Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 мая 2016, 19:59

Беларусь і Казахстан вызначаць праграму супрацоўніцтва на дзесяцігоддзе наперад

30 мая, Астана /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь і Казахстан у бліжэйшы час выпрацуюць праграму гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на дзесяцігоддзе наперад. Аб гэтым прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў дамовіліся на сустрэчы ў Астане, паведаміў журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, пасол Беларусі ў Казахстане Анатоль Нічкасаў.

"Лідары дзвюх краін сёння падвялі рысу таму перыяду, які характарызуе эканоміку нашых двухбаковых адносін як эканоміку, што патрабуе перазагрузкі, - сказаў пасол. - Прэзідэнты выказалі ідэю, што павінен быць новы праграмны дакумент, які будзе падпісаны ў бліжэйшы час. У ім будуць абазначаны новыя буйныя праекты Беларусі і Казахстана".

Паводле слоў Анатоля Нічкасава, прадугледжваецца прапрацаваць прапановы беларускага і казахстанскага бакоў і разгледзець праект адпаведнай праграмы ў чэрвені на пасяджэнні міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Месцам правядзення мерапрыемства вызначаны Гомель. "На мерапрыемстве плануецца разгледзець праект праграмы фарміравання эканамічных адносін паміж Казахстанам і Беларуссю на дзесяцігоддзе, - адзначыў дыпламат. - Пасяджэнне камісіі адбудзецца для таго, каб разгледзець гэты дакумент у першым чытанні. Ён, хутчэй за ўсё, будзе падпісаны ў час афіцыйнага візіту Прэзідэнта Казахстана ў Беларусь".

Беларускі і казахстанскі бакі распрацавалі таксама праекты міждзяржаўных пагадненняў аб мірным выкарыстанні космасу, далейшым развіцці інфраструктуры сувязі. "Гэта прадмет для новых сур'ёзных платформ фарміравання эканамічных адносін паміж Беларуссю і Казахстанам. Мы разлічваем, што гэтыя пагадненні будуць падпісаны ўжо ў гэтым годзе ў прысутнасці нашых прэзідэнтаў, і мы пачнём рэалізацыю канкрэтных праектаў", - сказаў Анатоль Нічкасаў.

На сустрэчы ў Астане кіраўнікі дзяржаў абмяркоўвалі не толькі новыя, але і тыя праекты, якія традыцыйна фарміравалі двухбаковыя адносіны ў эканоміцы. Гэта, перш за ўсё, сфера машынабудавання, сумесныя прадпрыемствы. "Яны паспяхова працуюць, але ім неабходны новыя параметры, каб быць канкурэнтнымі", - падкрэсліў пасол.

"Канкурэнтнасць павялічваецца, і аб гэтым сёння прэзідэнты сказалі. З улікам таго, што Казахстан уступіў у СГА, і Беларусь ідзе па шляху ўступлення ў гэту арганізацыю. На нашым рынку з'яўляюцца новыя канкурэнты, і гэта патрабуе спецыяльных намаганняў", - канстатаваў Анатоль Нічкасаў.

Беларусь і Казахстан цяпер актыўна працуюць над рэалізацыяй некалькіх новых праектаў. Так, ствараецца вытворчасць камунальнай тэхнікі ў свабоднай эканамічнай зоне Астаны. Тут будзе вырабляцца тэхніка для ўборкі бытавога смецця, а таксама самазвалы.

Яшчэ адзін праект, запуск якога запланаваны ўжо ў 2016 годзе, - вытворчасць па зборцы шырокай лінейкі сельскагаспадарчай тэхнікі на базе прадукцыі МТЗ і "Бабруйскаграмаша", у тым ліку навясная тэхніка і прычапное абсталяванне.

"Мы дамаўляемся цяпер аб тым, што ў Казахстане неабходна пачаць зборку пасажырскай тэхнікі. Шырокая лінейка такой вельмі перспектыўнай тэхнікі ёсць у Беларусі, і казахстанскі бок выказвае інтарэс да стварэння сваіх уласных магутнасцей. Сёння Прэзідэнт Казахстана гаварыў, што трэба разглядаць таксама перспектыву работы на рынкі трэціх краін. Таму, хутчэй за ўсё, і перазагрузка (гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. - Заўвага БЕЛТА) будзе грунтавацца на стварэнні такіх сумесных вытворчасцей новай якасці, якія будуць канкурыраваць з замежнымі кампаніямі", - рэзюмаваў пасол.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі