Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 ліпеня 2018, 14:55

Ад аплаты камуналкі да стыпендыі школьнікам - як матывуюць работнікаў у бялыніцкім калгасе "Радзіма"

10 ліпеня, Бялыніцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Бялыніцкі СВК "Калгас "Радзіма" распрацаваў сістэму мер для матывацыі сваіх работнікаў. Аб некаторых з іх сёння Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку расказаў старшыня кааператыва Аляксандр Лапацентаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сярэдняя зарплата ў калгасе ў 2017 годзе склала Br927, у гэтым годзе яна павысілася да Br973 і прадаўжае расці.

Работнікам даплачваюць 10 працэнтаў за вядзенне здаровага ладу жыцця. "Некалі смяяліся з гэтага, а сёння ў нас 85 працэнтаў работнікаў не кураць", - заўважыў Аляксандр Лапацентаў.

Акрамя таго, добрасумленным работнікам аплачваюць жыллёва-камунальныя паслугі першыя два гады, а 10 лепшых работнікаў СВК штогод атрымліваюць пуцёўкі ў санаторыі Беларусі або іншых краін.

Заахвочваюць у калгасе і дзяцей, якія паказваюць добрыя вынікі ў вучобе. Пры гэтым неабавязкова быць круглым выдатнікам: калі вучань стараецца і паводзіць сябе добра, ён таксама можа разлічваць на падтрымку. "Стыпендыі мы плацім ужо 25 гадоў і не пераставалі ні пры якіх сітуацыях. Стыпендыі розныя, але гэта вельмі дзейсны інструмент", - адзначыў старшыня калгаса.

Вялікая падтрымка аказваецца моладзі. Тым, хто мае вышэйшую адукацыю, выплачваюцца пад'ёмныя ў памеры трох сярэднямесячных зарплат, работнікам з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй - у памеры дзвюх, з прафесійна-тэхнічнай - у памеры адной.

Маладым спецыялістам выдаецца пазыка ў памеры Br2,5 тыс. Калі яны адпрацуюць на прадпрыемстве пяць гадоў, то грошы вяртаць не трэба. Праўда, каб атрымаць такую падтрымку, трэба зарэкамендаваць сябе ў першы год работы.

Усяго ў СВК працуюць 292 чалавекі, з іх 84 працэнты - выпускнікі мясцовых школ. "92 чалавекі ў калгасе ва ўзросце да 35 гадоў. Яны карыстаюцца даволі сур'ёзнымі льготамі, мы ім даплачваем 10 працэнтаў да асноўнай зарплаты. Сярэдні ўзрост працуючых у нас - 44 гады", - звярнуў увагу кіраўнік.

Аляксандр Лапацентаў узначальвае калгас з 1981 года. Ён узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыны III ступені, з'яўляецца заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі