Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
18 кастрычніка 2018, 15:18

Аб пагадненнях з ЕС, экспарце і візітах - Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу з Макеем

18 кастрычніка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сёння рабочую сустрэчу з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Па выніках мерапрыемства кіраўнік знешнепалітычнага ведамства краіны расказаў журналістам, аб чым дакладваў кіраўніку дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аб падрыхтоўцы пагадненняў паміж Беларуссю і ЕС

Уладзімір Макей, у прыватнасці, праінфармаваў Прэзідэнта аб сваім нядаўнім удзеле ў сустрэчы міністраў замежных спраў краін - удзельніц "Усходняга партнёрства" і краін - членаў ЕС, якая прайшла 15 кастрычніка ў Люксембургу.

"Было даложана аб рабоце над тымі дакументамі, якія мы цяпер адпрацоўваем разам з Еўрасаюзам, - гэта прыярытэты партнёрства, пагадненні аб аблягчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. У цэлым ёсць істотныя зрухі па ўсіх дакументах, але, на жаль, не па нашай віне перыядычна з'яўляюцца нейкія новыя нюансы, якія патрабуюць дадатковага часу для аналізу, удакладнення або прыняцця рашэнняў", - адзначыў міністр.

Паводле яго слоў, беларускі бок мае намер спакойна працаваць над гэтымі дакументамі з улікам нацыянальных інтарэсаў. "Ёсць дакладная ўстаноўка кіраўніка дзяржавы адносна прадаўжэння курсу на развіццё нармальных адносін з Еўрапейскім саюзам, у першую чаргу эканамічных, палітычных і гуманітарных", - падкрэсліў дыпламат.

Аб знешнеэканамічнай дзейнасці

Кіраўнік МЗС таксама далажыў кіраўніку дзяржавы аб выніках работы міністэрства ў сферы знешнеэканамічнай дзейнасці. Было адзначана, што тэндэнцыя па росце экспарту захоўваецца. "Праўда, ідзе некаторае запаволенне тэмпаў росту экспарту. Але ў цэлым мы чакаем пазітыўныя рэзультаты па выніках года, - расказаў Уладзімір Макей. - Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на тое, каб напружваліся ўсе: і рэгіёны, і адпаведныя галіновыя міністэрствы, і, вядома ж, кіраўнікі загранустаноў".

Аб графіку візітаў і мерапрыемстваў на вышэйшым узроўні

"Кіраўнік дзяржавы таксама быў праінфармаваны аб будучым графіку знешнепалітычных сустрэч, візітаў замежных прадстаўнікоў да нас і візітаў кіраўніка дзяржавы за мяжу", - паведаміў міністр.

Ён адзначыў, што канец года абяцае быць багатым на мерапрыемствы на вышэйшым і высокім узроўнях. Сярод іх, напрыклад, запланаваны на 25-26 кастрычніка Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны. У Гомелі бакі плануюць падпісаць вялікі пакет дакументаў - пагадненняў і кантрактаў - на некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў. "Ідзе актыўная работа, нейкіх нявырашаных пытанняў няма. Кіраўнік дзяржавы даручыў, каб гэта падзея была арганізавана на самым высокім узроўні", - дадаў дыпламат.

Акрамя таго, Прэзідэнт быў праінфармаваны аб падрыхтоўцы сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Міжнародны форум пройдзе ў Мінску 30 кастрычніка - 1 лістапада. Удзел у мерапрыемстве пацвердзілі ўжо прэзідэнты і прэм'ер-міністры з іншых краін, кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў, кіраўнікі і прадстаўнікі спецслужбаў, аналітычных супольнасцей. "Парадак дня вельмі актуальны і заключаецца ў тым, каб пазбегнуць далейшага нагнятання канфрантацыі, якое сёння прысутнічае ў рэгіёне. Кіраўнік дзяржавы таксама даў адпаведныя даручэнні па падрыхтоўцы і правядзенні гэтага мерапрыемства", - рэзюмаваў Уладзімір Макей.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі