Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
23 лютага 2018, 10:23

Вынікі мінскага рэгіянальнага форуму па МУР будуць прадстаўлены ЕЭК ААН 1 сакавіка

23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэзюмэ мінскага рэгіянальнага форуму нацыянальных каардынатараў па Мэтах устойлівага развіцця будзе прадстаўлена Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар'яна Шчоткіна.

У Жэневе 1 сакавіка пройдзе рэгіянальны форум ЕЭК ААН, на якім будуць прадстаўлены вынікі сумеснай работы нацыянальных каардынатараў па МУР у Мінску, расказала Мар'яна Шчоткіна.

У рэзюмэ, якое было аднагалосна адобрана ўсімі ўдзельнікамі форуму, пералічаны інавацыйныя падыходы краін да дасягнення МУР. Гэты вопыт будзе вывучацца ў іншых дзяржавах. Нацыянальныя каардынатары падтрымалі прапанову Беларусі па стварэнні глабальнай базы даных аб лепшых практыках арганізацыі работы па дасягненні МУР, адзначыла Мар'яна Шчоткіна. Яны прапанавалі ЕЭК ААН і ПРААН садзейнічаць фарміраванню такога інфармацыйнага рэсурсу ў рэгіёне. Акрамя таго, дзяржавы і міжнародныя арганізацыі, якія ўдзельнічалі ў мінскім форуме, падтрымалі ініцыятыву па стварэнні сеткі нацыянальных каардынатараў па МУР для абмену ведамі і вопытам работы па дасягненні Мэт.

Падводзячы вынікі мінскага форуму, Мар'яна Шчоткіна падкрэсліла, што яго вынікі пераўзышлі ўсе чаканні. "Адбылася канструктыўная размова. Была ўзнята вялікая колькасць пытанняў, некаторыя з іх удалося вырашыць непасрэдна ў час форуму", - адзначыла нацыянальны каардынатар.

"Удалося не толькі абмеркаваць праблемы, выпрацаваць агульныя напрамкі работы, але і ўстанавіць двухбаковыя кантакты. Асаблівую ўвагу ўдзельнікі форуму ўдзялілі неабходнасці ўмацавання міжпарламенцкіх сувязей", - дадала намеснік старшыні Савета Рэспублікі. У Нацыянальным сходзе створана рабочая група па дасягненні МУР. Эксперты ў Мінску дамовіліся садзейнічаць больш цесным кантактам аналагічных груп, створаных у парламентах іншых краін.

У рэзюмэ ў сувязі з гэтым адзначаецца, што ўключэнне парламентаў у работу па МУР - гэта важны інструмент дасягнення ўстойлівасці на нацыянальным узроўні. Удзельнікі форуму сышліся на думцы, што фарміраванне міжпарламенцкага супрацоўніцтва па пытаннях дасягнення МУР будзе садзейнічаць абмену вопытам, гарманізацыі нацыянальных заканадаўстваў краін рэгіёна, распрацоўцы агульных стандартаў і нарматываў, пашырэнню сумесных ініцыятыў.

Удзельнікі форуму выказаліся ў падтрымку намаганняў Генеральнага сакратара ААН па правядзенні комплекснай рэформы сістэмы развіцця Арганізацыі. Нацыянальныя каардынатары перакананы, што вынікі рэформы павінны забяспечыць ААН лідарства, эфектыўнасць, падсправаздачнасць і будуць садзейнічаць больш скаардынаванай і зладжанай рабоце агенцтваў на месцах па дасягненні МУР з улікам нацыянальных прыярытэтаў.

Каардынатары па МУР сышліся на думцы, што рэгіянальны форум у Мінску стаў пляцоўкай для абмену вопытам і практычным укладам у стварэнне глабальнага партнёрства па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Плануецца, што наступны пройдзе ў Азербайджане.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі