Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
22 жніўня 2016, 11:34

ВЫБАРЫ-2016: У выбаршчыкаў узнікае недавер да некаторых праграм кандыдатаў у дэпутаты - Карлюкевіч

22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У выбаршчыкаў узнікае недавер да некаторых праграм кандыдатаў у дэпутаты. Такое меркаванне выказаў галоўны рэдактар выдавецкага дома "Звязда" Аляксандр Карлюкевіч у тэлепраграме "Клуб рэдактараў", паказанай у ранішнім суботнім эфіры канала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што ўзнікае недавер да некаторых праграм партый і кандыдатаў у дэпутаты, якія прыпісваюць сабе чужыя дасягненні. "Справа ў тым, што яны публікуюць тое, што ўжо зроблена", - сказаў ён.

Дзелячыся ўражаннямі ад перадвыбарных выступленняў кандыдатаў у дэпутаты, якія прыходзілі на запіс у Белтэлерадыёкампанію, яе старшыня Генадзь Давыдзька ўмоўна падзяліў іх на тры групы. "Першая група - гэта вопытныя людзі, дырэктары школ, прадпрыемстваў, вытворчасцей, яны ўпэўненыя ў сабе, як правіла, добра падрыхтаваліся да выступлення, ведаюць, што робяць і навошта ідуць у парламент, і ўмеюць трымаць сябе перад камерай. Другая катэгорыя - гэта, груба кажучы, "партыя сказала трэба, значыць, я адказаў ёсць". Яны, магчыма, не вельмі вераць у перамогу, але ў меру сваіх магчымасцей спрабуюць зрабіць вядомым свой брэнд, ды і партыі, - падзяліўся ён уражаннямі. - І трэцяя самая цікавая - гэта прыход новых людзей у нашу выбарчую гісторыю. Гэта такія кандыдаты "наўдачу", за імі няма ніякага вопыту, яны ідуць на выбары, не ведаючы навошта, не ўмеючы сябе падаць, і часта гавораць бязглуздзіцу".

На думку ўдзельнікаў дыскусіі, было цалкам чаканым, што некаторыя кандыдаты ў дэпутаты павядуць сябе ў студыі эпатажна ў разліку на тое, што іх выступленне будзе забаронена, паколькі гэта з'яўляецца для іх, як выказаўся Генадзь Давыдзька, "лепшым піярам".

Дыскутуючы на гэту тэму, Аляксандр Карлюкевіч у пералік трох катэгорый кандыдатаў у дэпутаты, што агучыў Генадзь Давыдзька, прапанаваў уключыць яшчэ адну, заснаваную на аналізе праграм, якія ўжо апублікаваны ў друкаваных СМІ і агучаны. Паводле яго слоў, ёсць такая катэгорыя вядомых персон у грамадскай, палітычнай інфармацыйнай прасторы, чые праграмы першапачаткова нясуць у сабе крытыку, іх аўтары імкнуцца вырашыць свае палітычныя задачы.

Разам з тым Генадзь Давыдзька звярнуў увагу, што, згодна са статыстыкай, самая вялікая колькасць партыйных кандыдатаў у дэпутаты вылучыла ЛДП, потым АГП і БНФ. "Меню" багатае, справа за выбаршчыкамі, ідзе нармальная цывілізаваная барацьба", - лічыць Генадзь Давыдзька.

У сувязі з гэтым генеральны дырэктар агенцтва "Мінск-Навіны" Кацярына Дубінская адзначыла, што "пакуль гэта барацьба ў асноўным датычыцца сродкаў масавай інфармацыі, праграм і выступленняў, таму што на самай справе лістовак у паштовых скрынях практычна няма... Лістоўкі з'явіліся толькі ў 10 працэнтаў кандыдатаў", - сказала яна. Разам з тым, паводле яе слоў, практычна ўсе кандыдаты ў дэпутаты заклікаюць выбаршчыкаў удзельнічаць у выбарах.

Генадзь Давыдзька падзяліўся падборкай перадвыбарных абяцанняў кандыдатаў у дэпутаты, якія прагучалі ў студыі Белтэлерадыёкампаніі: "у момант вырашыць праблему парковак у дварах", "панізіць пенсійны ўзрост!", "мільён рабочых месц". "Ёсць поўны абсурд - "закрыць граніцу з Расіяй і адкрыць з Еўрасаюзам!", "легалізаваць марыхуану", "кожнай бабе - па мужыку!". Чаму некаторыя кандыдаты такога нізкага меркавання аб інтэлектуальных здольнасцях сваіх выбаршчыкаў?" - задаўся пытаннем вядучы праграмы.

Удзельнікі дыскусіі сышліся на думцы, што некаторым кандыдатам у дэпутаты трэба змяніць рыторыку, не даваць галаслоўных абяцанняў, а суадносіць свае планы з магчымасцямі канкрэтных выбарчых акруг і раёнаў. "Але самая вялікая місія ў дэпутата - гэта заканатворчасць. Таму што многія кандыдаты ледзь не ў прэзідэнты балаціруюцца, у прэм'ер-міністры або члены ўрада, гэта значыць спрабуюць вырашаць глабальныя праблемы і не зусім сабе ўяўляюць, у чым заключаецца іх работа", - рэзюмаваў Генадзь Давыдзька.

Завяршаючы тэму абмеркавання перадвыбарнай кампаніі, Генадзь Давыдзька звярнуў увагу на той факт, што ў час праграмы яе ўдзельнікі не называлі прозвішчаў кандыдатаў у дэпутаты, у чым Белтэлерадыёкампанію папракае Беларуская асацыяцыя журналістаў. "Мы і ў далейшым будзем так рабіць, таму што наша пазіцыя - нікому не даваць перавагу!" - рэзюмаваў старшыня Белтэлерадыёкампаніі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі