Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
30 сакавіка 2017, 13:02

У парадак дня вясенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў уключана 30 пытанняў

30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У парадак дня вясенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў уключана 30 пытанняў, паведаміў сёння спікер Уладзімір Андрэйчанка на пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Другая сесія парламента шостага склікання пачне работу 3 красавіка. "У цэлым дэпутаты плённа папрацавалі над законапраектамі, якія знаходзяцца ў пастаянных камісіях. З 49 пытанняў 30 падрыхтаваны ўжо і ўключаны ў праект парадку дня. Астатнія праекты таксама трэба адпрацаваць якасна і ў тэрмін", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

На думку спікера, больш дынамічнай павінна быць работа над праектамі законаў аб дзяржаўных закупках, аб інвестыцыйных фондах, аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках, па пытаннях дзяржаўна-прыватнага партнёрства. "Грамадства чакае прыняцця якасных дакументаў, накіраваных на фарміраванне спрыяльнага бізнес-клімату, што ствараюць надзейныя ўмовы для выхаду на ўстойлівую дадатную дынаміку ў эканоміцы, - заўважыў Уладзімір Андрэйчанка. - Вырашэнню гэтай задачы павінен садзейнічаць і сур'ёзны маніторынг заканадаўства. У бліжэйшыя месяцы запланаваны шэраг выязных пасяджэнняў пастаянных камісій. Важна, каб па выніках гэтых мерапрыемстваў былі выпрацаваны канкрэтныя заканадаўчыя прапановы".

Акрамя таго, Уладзімір Андрэйчанка паведаміў, што пачата ўжо распрацоўка пакета бюджэтных дакументаў на 2018 год. Асобныя дэпутаты ўключаны ў склад міжведамасных рабочых груп па падрыхтоўцы праекта асноўных напрамкаў бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі (Людміла Дабрыніна і Уладзіслаў Шчэпаў). "Чакаем актыўнага ўдзелу ў гэтай рабоце ўсіх дэпутатаў. Прапановы павінны ісці ад жыцця, быць абгрунтаванымі і, вядома, улічваць эканамічныя магчымасці нашай краіны, крыніцы фінансавання. У маі мы правядзём семінар па пытаннях бюджэтнага заканадаўства, на якім дэпутаты змогуць падрабязна азнаёміцца з асноўнымі этапамі і асаблівасцямі бюджэтнага працэсу", - праінфармаваў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

У сваю чаргу старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Леанід Цупрык расказаў, што з 30 уключаных у парадак дня сесіі пытанняў будуць разгледжаны 14 законапраектаў у першым чытанні, 4 - у другім, 9 - аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў, а таксама 2 дэкрэты Прэзідэнта.

Законапраекты закранаюць розныя сферы жыццядзейнасці. Дэпутатам неабходна будзе разгледзець новую рэдакцыю закона аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі. Сур'ёзная ўвага ўдзяляецца пытанням належнай якасці паслуг, якія аказваюцца насельніцтву. У гэтым ключы, напрыклад, будуць разгледжаны законапраекты аб пітным водазабеспячэнні, аб ахове правоў спажыўцоў, аб сацыяльным абслугоўванні насельніцтва.

Удасканальваецца заканадаўства і ў сферы нацыянальнай бяспекі. У прыватнасці, прапануецца разгледзець законапраекты па пытаннях барацьбы з тэрарызмам, забеспячэнні абароны, а таксама папраўкі ў некаторыя законы па пытаннях аховы грамадскага парадку і забеспячэння грамадскай бяспекі пры правядзенні спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Плануецца таксама ўнесці карэкціроўкі ў шэраг кодэксаў. Дэпутатам будзе прапанавана ратыфікаваць і шэраг міжнародных дагавораў, заключаных у рамках СНД, з Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця, а таксама з такімі краінамі, як Пакістан, Аргенціна, Куба і Турцыя.

Між тым Леанід Цупрык звярнуў увагу, што прадстаўлены на вясеннюю сесію парадак дня не канчатковы. Па меры падрыхтоўкі новых законапраектаў ён можа быць дапоўнены.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі