Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
26 снежня 2017, 19:29

ЦВК адзначае інтэнсіўную работу нацыянальных наглядальнікаў на мясцовых выбарах у Беларусі

26 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У час кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў адзначаецца інтэнсіўная работа нацыянальных наглядальнікаў. Аб гэтым заявіла сёння ў відэазвароце на сайце ЦВК старшыня Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына, паведамляе БЕЛТА.

Кіраўнік ЦВК расказала, што на гэты час выбарчыя камісіі зарэгістравалі больш за 1,5 тыс. нацыянальных наглядальнікаў. Прычым найбольшую актыўнасць, паводле яе слоў, праявілі грамадскія аб'яднанні. У лідарах БРСМ, РГА "Белая Русь", Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў. "Выбары ў Беларусі праходзяць пад інтэнсіўным назіраннем з боку мясцовых наглядальнікаў", - адзначыла Лідзія Ярмошына.

Цяпер выбарчая кампанія ў Беларусі знаходзіцца на этапе вылучэння тых, хто прэтэндуе на дэпутацкі мандат. Подпісы збіраюць больш за 17,5 тыс. ініцыятыўных груп. Заяўкі на іх рэгістрацыю былі задаволены на 99,9 працэнта, падкрэсліла старшыня ЦВК. Мясцовыя ўлады прынялі шырокія і беспрэцэдэнтныя дэмакратычныя меры па забеспячэнні работы ініцыятыўных груп у максімальна свабодных умовах. У Мінску, напрыклад, дазволілі збіраць подпісы ў падземных пераходах - з улікам складаных умоў надвор'я.

Яна падкрэсліла, што выбарчая кампанія праводзіцца ў адпаведнасці з законам, свабодна, дэмакратычна. Так, у беларускія суды было пададзена толькі шэсць скаргаў, звязаных з пытаннямі рэгістрацыі і стварэння выбарчых камісій. Усе яны былі адхілены. У ЦВК паступіла толькі адна скарга, у асноўным сюды звяртаюцца за растлумачэннем заканадаўства.

Участкі для галасавання ў Беларусі былі створаны 16 снежня. Інфармацыю пра іх з указаннем межаў, месца знаходжання ўчастковай камісіі і памяшкання для галасавання мясцовыя ўлады апублікавалі ў друку раней за тэрмін, абазначаны ў каляндарным плане па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў. "Дзякуючы гэтаму палітычныя партыі і грамадскія аб'яднанні мелі магчымасць своечасова і не спяшаючыся вылучыць прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій", - адзначыла Лідзія Ярмошына. У апошні дзень падачы дакументаў, 31 снежня, мясцовыя ўлады арганізуюць для гэтага дзяжурствы.

Цяпер у Беларусі ідзе вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Гэты этап завершыцца 8 студзеня. Мясцовыя выбары пройдуць 18 лютага. У агульнай колькасці будзе размеркавана крыху больш за 18 тыс. мандатаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі