Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
11 мая 2018, 17:47

Стратэгічнае партнёрства Беларусі і Расіі развіваецца паспяхова - Крэмль

11 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Стратэгічнае партнёрства Беларусі і Расіі развіваецца паспяхова. Аб гэтым БЕЛТА заявілі ў прэс-службе Крамля напярэдадні запланаванай на 14 мая ў Сочы сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

"Стратэгічнае партнёрства дзвюх краін паспяхова развіваецца. Расія і Беларусь цесна ўзаемадзейнічаюць у рамках Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага эканамічнага саюза, АДКБ, СНД. Ажыццяўляецца інтэнсіўны дыялог на вышэйшым узроўні - у 2017 годзе кіраўнікі дзяржаў сустракаліся восем разоў і тройчы гаварылі па тэлефоне. У 2018 годзе адбыліся дзве тэлефонныя размовы (19 і 28 сакавіка)", - адзначылі ў Крамлі.

Паводле інфармацыі крамлёўскай прэс-службы, на сустрэчы ў Сочы плануецца закрануць ключавыя пытанні двухбаковага парадку дня, перш за ўсё - перспектывы развіцця гандлёва-эканамічных сувязей.

Актыўна ўзаемадзейнічаюць урады: у 2017 годзе прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі Андрэй Кабякоў і Дзмітрый Мядзведзеў правялі дзесяць сустрэч. У гэтым годзе прэм'еры размаўлялі 2 лютага на палях Еўразійскага міжурадавага савета ў Алматы. Шчыльны графік кантактаў падтрымліваецца па лініі профільных міністэрстваў і ведамстваў.

"Па выніках 2017 года двухбаковы тавараабарот вырас на 23,5 працэнта, да $32,42 млрд. У студзені-лютым 2018 года ён павялічыўся яшчэ на 20,6 працэнта ($5,32 млрд)", - канстатавалі ў Крамлі.

Развіваецца супрацоўніцтва ў энергетыцы. "У штатным рэжыме ажыццяўляюцца пастаўкі ў Беларусь нафты і газу (у 2017 годзе - 19,01 млрд куб.м газу і 18 млн т нафты; у I квартале 2018 года - 6 млрд куб.м газу і 4,5 млн т нафты), - удакладнілі ў прэс-службе. - Буйнейшы інвестыцыйны праект - будаўніцтва "Расатамам" у горадзе Астравец Гродзенскай вобласці першай беларускай АЭС магутнасцю 2400 МВт (аб'ём капіталаўкладанняў - $10 млрд). Запуск першага энергаблока АЭС намечаны на 2019 год". Акрамя таго, "Газпрам" да 2020 года плануе інвесціраваць у развіццё газатранспартнай сістэмы Беларусі $2-2,5 млрд, у павелічэнне магутнасцей падземных сховішчаў газу - $1,1 млрд.

"Вялікае значэнне мае ўзаемадзеянне ў аграпрамысловай сферы. Беларускія прадукты харчавання і сельгассыравіна складаюць больш за трэць (у 2017 годзе - 31,7 працэнта) усяго экспарту ў Расію", - падкрэслілі ў Крамлі.

Значную ролю адыгрывае міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, якое актыўна развіваецца. Больш за 80 суб'ектаў Расіі маюць гандлёва-эканамічныя адносіны з Беларуссю. Заключана каля 320 дагавораў на ўзроўні рэгіёнаў і муніцыпальных утварэнняў. З 2014 года праводзяцца форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Традыцыйна насычаны характар маюць сувязі ў культурна-гуманітарнай галіне.

"Сістэмны і шматпланавы характар мае знешнепалітычнае ўзаемадзеянне. Беларусь і Расія выступаюць з адзіных або блізкіх пазіцый па асноўных міжнародных праблемах, цесна супрацоўнічаюць у ААН, іншых шматбаковых арганізацыях", - дадалі ў Крамлі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі