Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
07 верасня 2017, 10:40

"Школьнае перамір'е" ў Данбасе дапамагло знізіць колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню на 67 працэнтаў

7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Школьнае перамір'е" ў Данбасе дапамагло знізіць колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню на 67 працэнтаў. Аб гэтым паведаміў 6 верасня журналістам спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе Марцін Сайдзік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў дыпламат, на папярэднім пасяджэнні ўдзельнікі кантактнай групы чарговы раз пацвердзілі сваю прыхільнасць да бестэрміновага спынення агню ў сувязі з пачаткам навучальнага года. "Я хацеў бы звярнуць увагу на змяненне ў сітуацыі на месцах, паводле даных СММ АБСЕ. Калі параўнаць перыяд з 25 жніўня па сённяшні дзень з такім жа перыядам да гэтай даты, то можна ўбачыць, што колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню зменшылася на 67 працэнтаў, а колькасць зрываў - на 74 працэнты", - канстатаваў Марцін Сайдзік.

Паводле яго слоў, прыярытэт трохбаковай кантактнай групы - абарона грамадзянскага насельніцтва ў зоне канфлікту. "Я вельмі рады, што за гэты час амаль поўнасцю ўдалося пазбегнуць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва. З радасцю адзначу, што дзякуючы гэтым намаганням, і, вядома, так званаму хлебнаму перамір'ю, у бягучым годзе ўдалося пазбегнуць паўтарэння "гарачага" лета, як у 2015 і 2016 гадах", - заявіў спецпрадстаўнік АБСЕ.

Марцін Сайдзік запэўніў, што кантактная група і ў далейшым будзе прыкладаць усе намаганні, каб бакі забяспечвалі працягласць рэжыму бестэрміновага спынення агню. З гэтай мэтай рабочая група па бяспецы абмеркавала практычныя аспекты спынення агню - у прыватнасці, патрабаванні па абнародаванні загадаў і іх паслядоўнай рэалізацыі.

Бакі таксама абмеркавалі перспектывы і метад развядзення сіл і сродкаў у раёнах Станіцы Луганскай і Залатога, а таксама магчымасць гэтага і ў новых зонах. Нямала ўвагі ўдзельнікі перагавораў удзялілі пытанням абароны аб'ектаў жыццёва важнай грамадзянскай інфраструктуры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі