Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
25 мая 2017, 09:27

Сайдзік заклікаў удзельнікаў канфлікту ва Украіне паважаць чалавечае жыццё і выконваць дамоўленасці

25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе Марцін Сайдзік 24 мая на брыфінгу ў Мінску заклікаў удзельнікаў канфлікту на ўсходзе Украіны паважаць чалавечае жыццё і выконваць дамоўленасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Марцін Сайдзік, у прыватнасці, адзначыў, што першыя дні мая сталі для грамадзянскага насельніцтва ў зоне канфлікту аднымі з самых смяротных за вельмі доўгі час. Ён звярнуў увагу на сумную статыстыку, прадстаўленую офісам Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Так, колькасць загінулых грамадзянскіх асоб у перыяд са студзеня па май гэтага года павялічылася на 120 працэнтаў (у параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года). "Гэта пацвярджаецца справаздачамі спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ, - канстатаваў дыпламат. - І ў многім з'яўляецца вынікам прадаўжэння выкарыстання цяжкага ўзбраення ў пяці гарачых кропках і зацягвання працэсу размініравання".

Паводле слоў спецпрадстаўніка АБСЕ, 85 працэнтаў усіх парушэнняў адбываюцца ў некалькіх зонах: Аўдзееўка, Ясінаватая, Марыупаль і Светладарск.

"Усё гэта ўяўляе сабой парушэнне мінскіх дамоўленасцей і цалкам недапушчальна. Я асуджаю такое развіццё падзей і заклікаю ўсіх удзельнікаў канфлікту паважаць чалавечае жыццё, выконваць свае абавязацельствы па міжнародным праве і абараняць грамадзянскае насельніцтва па абодва бакі ад лініі сутыкнення", - падкрэсліў Марцін Сайдзік. Ён упэўнены, што пры жаданні бакоў можна ўстрымацца ад такіх узброеных канфліктаў.

Дыпламат расказаў, што на абмеркаванні гэтых пытанняў 24 мая канцэнтравалася рабочая група па пытаннях бяспекі. Неаднаразова адзначалася, што выкарыстанне забароненага ўзбраення не павінна заставацца беспакараным. Таксама ўдзельнікі выказалі свае прапановы па вызначэнні новых участкаў для развядзення сіл і сродкаў. "Рабочая група па бяспецы разгледзіць больш грунтоўна гэта пытанне ў далейшым", - дадаў спецпрадстаўнік АБСЕ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі