Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
01 сакавіка 2017, 16:31

Правядзенне летняй сесіі ПА АБСЕ ўзмоцніць ролю Беларусі ў пытаннях сусветнай палітыкі - Андрэйчанка

1 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Правядзенне 26-й летняй сесіі ПА АБСЕ ўзмоцніць ролю Беларусі ў пытаннях сусветнай палітыкі і бяспекі. Такое меркаванне выказаў сёння старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на першым пасяджэнні рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні сесіі ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў спікер, мерапрыемства такога маштабу праводзіцца ў краіне ўпершыню, у сувязі з чым наперадзе чакае вялікая работа. "Яно дасць магчымасць павысіць ролю Беларусі ў пытаннях сусветнай палітыкі і бяспекі, развіцця палітычнага дыялогу з парламентарыямі іншых дзяржаў, адкрые новыя магчымасці па прасоўванні нацыянальных інтарэсаў нашай краіны, пашырэнні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва", - лічыць Уладзімір Андрэйчанка.

З 2003 года Нацыянальны сход Беларусі актыўна ўдзельнічае ў рабоце ПА АБСЕ. За гэты час неаднаразова прымаліся рэзалюцыі, якія былі ініцыіраваны беларускім бокам. Спікер выказаў упэўненасць, што і маючая адбыцца сесія, у якой прымуць удзел каля 700 дэлегатаў з 57 дзяржаў (не толькі Еўропы, удзельнічаць будуць у тым ліку Канада і ЗША), таксама стане рэзультатыўнай.

Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, Палатай прадстаўнікоў праведзена пэўная падрыхтоўчая работа. У першую чаргу яна датычыцца вырашэння фінансавых пытанняў. Сумесна з Кіраўніцтвам справамі Прэзідэнта і Міністэрствам фінансаў складзены папярэдні каштарыс расходаў. Разам з Міністэрствам замежных спраў выпрацавана агульная тэматыка сесіі, якая адобрана кіраўніцтвам Парламенцкай асамблеі. Распрацаваны лагатып і праект праграмы. У прыватнасці, 5 ліпеня 2017 года плануецца правядзенне сустрэчы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам ПА АБСЕ, выступленне кіраўніка дзяржавы з прывітальным словам на ўрачыстым адкрыцці сесіі.

Спікер нагадаў, што 23-24 лютага ў Вене ў час зімовага пасяджэння ПА АБСЕ ўжо адбылася прэзентацыя Беларусі - яе эканамічнага, інвестыцыйнага, турыстычнага патэнцыялу. Замежным парламентарыям прадстаўлены буйнейшыя айчынныя вытворцы. Канчатковае ўзгадненне праграмы і тэматыкі сесіі плануецца ажыццявіць у ходзе візіту ў Беларусь старшыні ПА АБСЕ Крысцін Мутонен, які будзе зроблены 15-17 сакавіка. Ключавым пунктам візіту стане падпісанне пагаднення паміж Нацыянальным сходам і ПА АБСЕ аб правядзенні ў Мінску 26-й сесіі.

У арганізацыйным плане правядзенне сесіі запатрабуе вырашэння спектра пытанняў. Перш за ўсё, гэта пераабсталяванне ключавых пляцовак у адпаведнасці з патрабаваннямі ПА АБСЕ. У якасці асноўных вызначаны адміністрацыйны комплекс на праспекце Пераможцаў, 14 і "Прэзідэнт-атэль". 5 ліпеня на Пераможцаў, 14 адбудзецца першае пленарнае пасяджэнне. У сувязі з гэтым Уладзімір Андрэйчанка як старшыня аргкамітэта даручыў аператыўна распрацаваць дызайн і канцэпцыю афармлення залы, вырашыць многія іншыя пытанні. Сінхронны пераклад будзе забяспечаны на шэсць афіцыйных моў АБСЕ - англійскую, іспанскую, італьянскую, нямецкую, французскую і рускую.

Летняя сесія ПА АБСЕ пройдзе ў Мінску 5-9 ліпеня і будзе прысвечана ўмацаванню ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў імя міру і працвітання ў рэгіёне. Усяго ў перыяд сесіі чакаецца каля 700 гасцей. У цэлым плануецца насычаная праграма, якая ўключае пасяджэнне пастаяннага камітэта ПА АБСЕ і агульных камітэтаў па палітычных пытаннях і бяспецы; па эканамічных пытаннях, навуцы, тэхналогіі і навакольным асяроддзі; па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях. Прадугледжваецца правядзенне пленарнага пасяджэння, а таксама афіцыйных прыёмаў. Для замежных гасцей рыхтуецца турыстычная праграма - наведванне музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Міра і Нясвіжа, аглядныя экскурсіі па сталіцы і інш.

Парламенцкая асамблея АБСЕ створана ў красавіку 1991 года ў Мадрыдзе (Іспанія), у яе рабоце прымаюць удзел 323 парламентарыі, якія прадстаўляюць 57 краін. Асноўнымі задачамі з'яўляюцца садзейнічанне міжпарламенцкаму дыялогу, падтрымка дэмакратычных інстытутаў у дзяржавах - удзельніцах АБСЕ, развіццё супрацоўніцтва і бяспекі ў рэгіёне. Галоўная падзея ў дзейнасці ПА АБСЕ - штогадовая летняя сесія, на якой выбіраюцца кіраўніцтва і службовыя асобы асамблеі, прымаюцца дэкларацыі і рэзалюцыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі