Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
01 лістапада 2017, 14:16

Пасольства ЗША ў Беларусі плануе пачаць выдачу турыстычных віз для ўсіх беларусаў у 2018 годзе

1 лістапада, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Пасольства ЗША ў Беларусі пашырае прадастаўленне консульскіх паслуг і плануе пачаць выдачу турыстычных віз для ўсіх беларусаў у 2018 годзе. Аб гэтым заявіў сёння на сустрэчы з журналістамі часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роберт Райлі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Упершыню за 10 гадоў мы маем намер пашырыць консульскія паслугі ў Мінску. Сёння мы робім першы крок: зніжаем узроставы парог для заяўнікаў на атрыманне неміграцыйных віз з 70 да 50 гадоў", - сказаў Роберт Райлі.

Ён удакладніў, што гэта новаўвядзенне будзе дзейнічаць ужо з сённяшняга дня. "Вядома, для маладых людзей гэта здаецца даволі высокай перашкодай, але гэта ўзроставае зніжэнне адкрые магчымасць атрымаць візу вялікай колькасці грамадзян Беларусі", - адзначыў дыпламат.

"Мы плануем адкрыць магчымасць падачы заяў для атрымання неміграцыйных віз для ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь у пачатку 2018 года. Упершыню за 10 гадоў любы жыхар Беларусі зможа прыйсці ў пасольства ЗША ў Мінску, каб атрымаць амерыканскую візу, не будзе неабходнасці ехаць у суседнія краіны", - звярнуў увагу субяседнік. Дыпламат растлумачыў, што на гэта рашэнне паўплывала пагаршэнне адносін паміж Злучанымі Штатамі і Расіяй. "Закрыццё візавых паслуг для грамадзян Беларусі ў пасольстве ЗША ў Маскве паскорыла гэты працэс. Мы зразумелі, што няпросты працэс атрымання візы, з якім даводзілася сутыкацца беларускім грамадзянам, стаў яшчэ больш складаным. Мы пастараліся паскорыць пашырэнне візавых паслуг, каб складанасці ў адносінах паміж Расіяй і ЗША не паўплывалі на грамадзян Беларусі", - падкрэсліў ён.

Разам з тым Роберт Райлі пакуль не змог назваць канкрэтную дату, калі пачне дзейнічаць гэта рашэнне, паколькі пасольству неабходна яшчэ правесці падрыхтоўчую работу.

Ён таксама падзякаваў ураду Беларусі і Міністэрству замежных спраў за цеснае супрацоўніцтва па гэтым пытанні, адзначыўшы, што пасольству ўдалося даволі хутка зрабіць крок па пашырэнні консульскіх паслуг у Мінску.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі