Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
03 кастрычніка 2018, 12:16

Палітычны дыялог паміж Беларуссю і ФРГ выйшаў на якасна новы ўзровень - Краўчанка

3 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Палітычны дыялог паміж Беларуссю і ФРГ выйшаў на якасна новы ўзровень. Такі пункт гледжання выказаў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка на мерапрыемстве з нагоды нацыянальнага свята ФРГ - Дня германскага адзінства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"З першых дзён незалежнасці Беларусі мы разглядаем аб'яднаную Германію як аднаго з найважнейшых замежных партнёраў нашай краіны, - заявіў Алег Краўчанка. - Тым больш прыемна канстатаваць, што за апошні год пазітыўная дынаміка развіцця беларуска-германскіх адносін не проста ўмацавалася - палітычны дыялог паміж нашымі краінамі выйшаў на якасна новы ўзровень".

Намеснік міністра растлумачыў, што ў першую чаргу мае на ўвазе сапраўды знакавую падзею - першы ў гісторыі адносін Беларусі і Германіі візіт кіраўніка германскай дзяржавы, Федэральнага Прэзідэнта Франка-Вальтэра Штайнмаера ў Беларусь, які адбыўся 29 чэрвеня. "Германскі лідар не толькі правёў плённыя перагаворы з Прэзідэнтам Беларусі, у час якіх быў дасягнуты шэраг канкрэтных дамоўленасцей, але і прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця другой чаргі мемарыяльнага комплексу "Трасцянец". Выступленне Федэральнага прэзідэнта на месцы масавага знішчэння дзясяткаў тысяч бязвінных ахвяр нацызму з Беларусі і іншых краін Еўропы яскрава пацвердзіла адказнае стаўленне сённяшняй Германіі да захавання памяці аб трагічных падзеях Другой сусветнай вайны, яе імкненне зрабіць усё магчымае, каб урокі гэтай вайны засталіся гарантыяй захавання міру і бяспекі сёння і ў будучым. Гэты візіт, безумоўна, стаў важным укладам у справу гістарычнага прымірэння паміж народамі нашых краін, надаў сур'ёзны імпульс развіццю двухбаковых сувязей у самых розных галінах", - падкрэсліў Алег Краўчанка.

Ён таксама нагадаў пра візіт у Беларусь віцэ-канцлера, федэральнага міністра замежных спраў Германіі Зігмара Габрыэля ў лістападзе мінулага года, які быў прыняты Прэзідэнтам Беларусі, а таксама выступіў на юбілейным "Мінскім форуме".

"Мы задаволены паспяховым развіццём двухбаковых кантактаў паміж парламентамі нашых краін, эфектыўным узаемадзеяннем знешнепалітычных ведамстваў, павелічэннем колькасці візітаў і інфармацыйных паездак на самых розных узроўнях і ў самых розных галінах, - прадоўжыў намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства. - Усё больш вядомых і аўтарытэтных германскіх структур выказваюць зацікаўленасць у супрацоўніцтве з нашай краінай. Так, у гэтым годзе мы прыкметна актывізавалі ўзаемадзеянне з Мюнхенскай канферэнцыяй па бяспецы, працуем над падрыхоўкай сумеснага вялікага мерапрыемства. Прадаўжаецца канструктыўная работа з германскімі палітычнымі фондамі".

Беларусь і Германія цесна ўзаемадзейнічаюць у рамках міжнародных арганізацый. "Нашы краіны аб'ядноўвае прыхільнасць да мэт падтрымкі бяспекі, міру і стабільнасці ў рэгіёне", - заўважыў Алег Краўчанка.

Ён звярнуў увагу на ўздым і ў галіне эканамічнага супрацоўніцтва. Так, добрымі тэмпамі расце аб'ём узаемнага гандлю таварамі і паслугамі, прыкметна павялічыліся інвестыцыі з Германіі ў беларускую эканоміку.

Германскія кампаніі ствараюць у Беларусі свае вытворчыя пляцоўкі, у тым ліку ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень". Германскі канцэрн "Дуйспорт" увайшоў у склад акцыянераў кампаніі па развіцці парка.

Алег Краўчанка выказаў меркаванне, што неацэннае значэнне для развіцця беларуска-германскіх адносін мае і народная дыпламатыя. Гэта і пабрацімскія сувязі паміж гарадамі, і актыўная дзейнасць соцень гуманітарных, чарнобыльскіх ініцыятыў, і культурныя, адукацыйныя, маладзёжныя абмены, рэалізацыя шматлікіх сумесных праектаў, у тым ліку для захавання гістарычнай памяці аб трагедыі Другой сусветнай вайны.

"МЗС Беларусі будзе і ў далейшым садзейнічаць пашырэнню такіх выключна важных сувязей", - запэўніў намеснік міністра. Ён выказаў асаблівую ўдзячнасць Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму паслу ФРГ у Беларусі Петэру Дэтмару за паспяховае плённае ўзаемадзеянне, за яго прыкметную ролю ў пазітыўных тэндэнцыях беларуска-германскага супрацоўніцтва.

Петэр Дэтмар у сваю чаргу адзначыў важнасць Дня германскага адзінства для народа краіны. "Мы адзін народ - гавораць цяпер немцы", - падкрэсліў дыпламат. Закранаючы беларуска-германскае ўзаемадзеянне, ён адзначыў разнапланавасць гэтых адносін. Пасол таксама звярнуў увагу на выключную важнасць першага візіту ў Беларусь Федэральнага Прэзідэнта ФРГ, які адбыўся па запрашэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Пасол таксама лічыць, што захаванне памяці пра ўрокі Другой сусветнай вайны будзе заўсёды мець вельмі вялікае значэнне. "Неабходна ведаць, што было ў мінулым, каб зразумець, што будзе ў будучым", - адзначыў ён. Кіраўнік дыпламатычнай місіі асаблівую ўвагу акцэнтаваў на пытаннях прымірэння і ўзаемаразумення. "Важна шчаслівае агульнае будучае ва ўмовах міру і бяспекі", - рэзюмаваў Петэр Дэтмар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі