Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
03 лістапада 2017, 12:24

Пакет дакументаў падпісаны па выніках пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД у Ташкенце

3 лістапада, Ташкент /Кар. БЕЛТА/. Пакет дакументаў падпісаны па выніках пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якое прайшло сёння ў Ташкенце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На пасяджэнні прынята заява кіраўнікоў урадаў дзяржаў СНД аб кансалідацыі намаганняў сусветнай супольнасці для эфектыўнага процідзеяння міжнародным картэлям. Расія як дзяржава, якая старшынствуе ў Садружнасці, распаўсюдзіць тэкст заявы ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і іншых міжнародных арганізацыях.

Прынята таксама рашэнне аб ходзе рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб зоне свабоднага гандлю ад 18 кастрычніка 2011 года.

Сярод важных падпісаных дакументаў у эканамічнай сферы - пагадненне аб абмене інфармацыяй, неабходнай для вызначэння і кантролю мытнага кошту тавараў у дзяржавах - удзельніцах СНД. Гэты дакумент накіраваны на супрацоўніцтва, садзейнічанне і ўзаемадапамогу паміж бакамі для забеспячэння дакладнасці дэкларуемага мытнага кошту тавараў, якія перамяшчаюцца праз мытныя граніцы краін Садружнасці.

Акрамя таго, падпісаным сёння пратаколам уносяцца змяненні ў пагадненне аб правілах вызначэння краіны паходжання тавараў у СНД ад 20 лістапада 2009 года. Змяненні, не мяняючы сутнасці дзеючых правіл, канкрэтызуюць для мытных службаў выпадкі непрадастаўлення рэжыму свабоднага гандлю і ўмовы яго аднаўлення.

На пасяджэнні адобраны канцэпцыі аб супрацоўніцтве краін СНД у такіх галінах, як нафтагазавае машынабудаванне і меліярацыя зямель, уключаючы планы першачарговых мерапрыемстваў па іх рэалізацыі.

Савет кіраўнікоў урадаў назначыў намеснікам кіраўніка Антытэрарыстычнага цэнтра дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў генерал-маёра Сяргея Дудко (Беларусь).

Прынята рашэнне аб унясенні змяненняў у палажэнне аб Каардынацыйнай транспартнай нарадзе дзяржаў Садружнасці.

Разгледзеўшы інфармацыю аб ходзе падрыхтоўкі да правядзення перапісаў насельніцтва раўнда 2020 года ў дзяржавах СНД, савет кіраўнікоў урадаў прыняў рашэнне аб забеспячэнні ўрадамі дзяржаў Садружнасці фінансавання работ і іншых неабходных мер па падрыхтоўцы, правядзенні нацыянальных перапісаў насельніцтва раўнда 2020 года і падвядзенні іх вынікаў. У мэтах забеспячэння міжкраінавай супастаўнасці вынікаў нацыянальных перапісаў насельніцтва статыстычным службам дзяржаў СНД даручана ўключыць у праграмы нацыянальных перапісаў насельніцтва раўнда 2020 года паказчыкі, зацверджаныя рашэннем савета кіраўнікоў статыстычных службаў дзяржаў Садружнасці.

На пасяджэнні быў таксама разгледжаны шэраг арганізацыйных і бюджэтна-фінансавых пытанняў.

Наступнае пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў намечана правесці 1 чэрвеня 2018 года ў горадзе Душанбэ (Таджыкістан).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі