Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
23 жніўня 2016, 15:29

Няхватка агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў упіраецца ў адсутнасць сродкаў - Ярмошына

23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына лічыць, што няхватка агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў у дэпутаты ўпіраецца ў адсутнасць грашовых сродкаў. Аб гэтым яна заявіла сёння журналістам па выніках пасяджэння ЦВК, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Думаю, гэта пытанне ўпіраецца ў адсутнасць сродкаў. Відавочна, што кандыдаты не ўтварылі асабістыя фінансавыя фонды, не падрыхтавалі друкаваныя матэрыялы, таму ім няма чаго размяшчаць. Гэта ўсё залежыць ад волі самога кандыдата: магчымасці такія ім прадастаўлены. Цалкам магчыма, што многія не гатовы ўдзельнічаць у выбарах сур'ёзна, не выключана, што яны не спадзяюцца на перамогу і таму вырашылі не ўкладваць якія-небудзь асабістыя грошы ў вядзенне перадвыбарнай агітацыі", - сказала старшыня Цэнтрвыбаркама.

Яна таксама прызналася, што на цяперашніх парламенцкіх выбарах не чакае "вайны лістовак", аднак магчыма, што ў асобных выбарчых акругах, дзе ідзе сур'ёзная барацьба за дэпутацкае месца, яна можа быць.

У цэлым, гаворачы аб узроўні правядзення кампаніі, Лідзія Ярмошына выказала меркаванне, што ён паступова ўдасканальваецца - у першую чаргу, за кошт праяўлення ветлівасці і цярпімасці да чужога меркавання. Аднак больш за ўсё Цэнтрвыбаркам парадавалі мясцовыя ўлады, якія ў гэтым годзе адвялі дастатковую колькасць месц для правядзення спачатку пікетаў па зборы подпісаў, а затым - перадвыбарных мерапрыемстваў.

Сёння на пасяджэнні ЦВК было даложана аб стварэнні безбар'ернага асяроддзя ў рэгіёнах Беларусі, каб інваліды па зроку, людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і пажылыя грамадзяне маглі самастойна галасаваць на выбарчых участках. На думку кіраўніка Цэнтрвыбаркама, працэс стварэння безбар'ернага асяроддзя мог бы ісці хутчэй.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 11 верасня. Цяпер на 110 дэпутацкіх месц прэтэндуюць 504 чалавекі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі