Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
15 чэрвеня 2016, 19:02

Наступны раўнд перагавораў па Украіне пройдзе 29 чэрвеня ў Мінску

15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Наступны раўнд перагавораў па Украіне пройдзе ў Мінску 29 чэрвеня, паведаміў сёння журналістам спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдзік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Марцін Сайдзік растлумачыў, што сёння рабочая група па пытаннях бяспекі абмяркоўвала выпадкі парушэння рэжыму спынення агню. У тым ліку маюцца на ўвазе абстрэлы жылых кварталаў у раёне Данецка 8 чэрвеня. "Па гэтым пытанні ўжо былі праведзены папярэднія расследаванні. Адпаведная работа будзе прадоўжана", - запэўніў спецпрадстаўнік АБСЕ.

Пры гэтым каардынатар групы - пасол Эртугрул Апакан - звярнуўся да бакоў з заклікам, каб яны і далей расследавалі ўсе інцыдэнты і пагрозы, накіраваныя на супрацоўнікаў спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ. Маюцца на ўвазе абстрэлы наглядальнікаў. Група сёння абмеркавала і праблему развядзення сіл уздоўж лініі сутыкнення. Каардынатар групы адзначыў станоўчы дух, які панаваў пры абмеркаванні гэтай тэмы. "Ён спадзяецца, што на наступнай нарадзе будуць у гэтай сферы і сапраўдныя вынікі, якія, у прыватнасці, аблягчалі б штодзённае жыццё цывільнага насельніцтва", - адзначыў Марцін Сайдзік.

Узнімалася сёння і тэма работы пунктаў пропуску. Яе абмяркоўвалі ўдзельнікі рабочай групы па гуманітарных пытаннях. У тым ліку каардынатар групы Тоні Фрыш прапанаваў забяспечыць бесперапынную работу гэтых пунктаў, інакш кажучы 24 гадзіны ў суткі, 7 дзён на тыдзень. "Пры гэтым усе бакі пагадзіліся, што галоўнай умовай бесперашкоднай работы пунктаў пропуску з'яўляецца захаванне рэжыму спынення агню", - акцэнтаваў увагу спецпрадстаўнік. Ён таксама канстатаваў, што, нягледзячы на прыкладзеныя намаганні, пакуль не ўдалося дасягнуць прагрэсу па пытанні абмену ваеннапалоннымі. Бакам неабходна праявіць больш палітычнай волі для вырашэння гэтага пытання: у першую чаргу для вызвалення хворых і параненых.

Рабочая група па эканамічных пытаннях традыцыйна абмяркоўвала праблемы водазабеспячэння і аднаўлення чыгуначнай структуры, а таксама выплаты пенсій. "Існуюць складанасці ў працэсе аднаўлення адзінай сістэмы чыгункі. Там ёсць вельмі важнае пытанне. Яно закранае розныя сацыяльныя правы работнікаў", - растлумачыў Марцін Сайдзік.

Група па палітычных пытаннях прадоўжыла абмяркоўваць мадальнасці правядзення мясцовых выбараў у асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей. Увага бакоў была сканцэнтравана, у прыватнасці, на ролі палітычных партый. Бакі таксама абмяняліся думкамі па пытаннях амністыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі