Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

МЗС: у задуму вучэння па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі закладзены практычна немагчымы сцэнарый

Палітыка 12.10.2017 | 16:12

12 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. У задуму камандна-штабнога вучэння па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі, якое пройдзе 18-19 кастрычніка, наўмысна закладзены практычна немагчымы сцэнарый. Аб гэтым заявіў журналістам начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў прадстаўніка МЗС, на вучэнні будуць адпрацаваны папераджальныя і ахоўныя мерапрыемствы па рэагаванні на аварыйныя сітуацыі на ядзерных і радыяцыйна небяспечных аб'ектах, якія размешчаны і за межамі нашай краіны.

Дзмітрый Мірончык адзначыў, што для такіх аб'ектаў, як атамныя электрастанцыі, існуюць паняцці аварый, прадугледжаных і не прадугледжаных праектам. Для Беларускай АЭС пры аварыі, прадугледжанай праектам, выхад радыеактыўных рэчываў за межы пляцоўкі станцыі не адбудзецца. Тым не менш, у адпаведнасці з сучаснымі міжнароднымі падыходамі краіны павінны быць гатовы да дзеянняў і пры аварыях, не прадугледжаных праектам. "Зыходзячы з гэтага ў задуму вучэння наўмысна закладзены менавіта практычна немагчымы сцэнарый развіцця падзей, не прадугледжаны праектам, з выкідам радыеактыўных рэчываў", - заявіў прэс-сакратар.

"Як ужо адзначалася нашым Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях, мэта вучэння - праверыць гатоўнасць нацыянальнай сістэмы аператыўнага рэагавання і адаптаваць нацыянальны план абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый. Акрамя таго, будзе дэталёва вывучаны шэраг іншых пытанняў, уключаючы ўзаемадзеянне з сумежнымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі", - сказаў Дзмітрый Мірончык.

У якасці наглядальнікаў на вучэнні запрошаны кампетэнтныя ведамствы ўсіх краін-суседзяў, шэраг міжнародных арганізацый, у тым ліку МАГАТЭ і АДКБ, акрэдытаваны ў Беларусі дыпламатычны корпус. "Праводзячы вучэнне, Беларусь дзейнічае ў строгай адпаведнасці з рэкамендацыямі МАГАТЭ і зыходзіць з безумоўнага прыярытэту пытанняў забеспячэння бяспекі пры рэалізацыі нацыянальнай ядзернай энергетычнай праграмы", - падкрэсліў прэс-сакратар.

Як паведамлялася, на вучэнні будуць задзейнічаны сілы і сродкі МНС, іншых зацікаўленых дзяржорганаў - усяго 274 чалавекі асабовага складу і 52 адзінкі тэхнікі. Асноўная групоўка будзе ад выратавальнага ведамства: 221 чалавек, 42 адзінкі тэхнікі і 4 паветраныя судны. Актыўны ўдзел у вучэнні прымаюць Мінабароны, МУС, Мінэнерга і Міністэрства аховы здароўя. Паводле легенды, удзельнікам вучэння трэба будзе патушыць пажары ў трансфарматарнай падстанцыі ва ўмовах магчымага заражэння мясцовасці, у тэхналагічных ёмістасцях для захоўвання светлых нафтапрадуктаў і небяспечных хімічных рэчываў. Будуць таксама ліквідаваны наступствы ўмоўнай радыяцыйнай надзвычайнай сітуацыі на чыгунцы, лясныя пажары на заражаных тэрыторыях. Акрамя таго, будзе праверана сістэма папярэджання ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны пры правядзенні першачарговых аварыйна-выратавальных работ.

Па выніках вучэння будзе скарэкціраваны і дапрацаваны знешні аварыйны план Беларускай атамнай электрастанцыі.

Практычныя мерапрыемствы камандна-штабнога вучэння па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі пройдуць у розных раёнах Беларусі і на двух пагранпераходах. Актыўная фаза вучэння адбудзецца 19 кастрычніка ў Гродзенскай вобласці ў Астравецкім раёне.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Палітыка
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Праект стратэгіі "Навука і тэхналогіі: 2018-2040" Праект стратэгіі "Навука і тэхналогіі: 2018-2040" - адзін з ключавых дакументаў, які будзе вынесены на II З'езд вучоных Беларусі.