Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
19 лістапада 2015, 19:00

МЗС разлічвае на поўнае зняцце з Беларусі санкцый ЕС

19 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей разлічвае на поўнае зняцце Еўрасаюзам санкцый з Беларусі. Аб гэтым ён заявіў па выніках сустрэчы з федэральным міністрам замежных спраў ФРГ Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, якая адбылася напярэдадні ў Берліне, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.

"Мы вельмі зацікаўлены ў нармалізацыі адносін з Еўрасаюзам. Мы хочам нармальных эканамічных адносін з Еўрапейскім саюзам і асобнымі еўрапейскімі краінамі. Гэта дапаможа нам быць больш моцнымі і ў палітычным плане", - падкрэсліў Уладзімір Макей.

Ён адзначыў, што на сустрэчы адбылося абмеркаванне перспектыў развіцця дыялогу паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, удзелу Беларусі ў працэсах еўразійскай інтэграцыі, яе ўзаемадзеяння з Германіяй у міжнародных арганізацыях, асабліва з улікам старшынства Германіі ў АБСЕ ў 2016 годзе, шэрага актуальных праблем міжнароднай палітыкі. "Я спадзяюся, што ў абмеркаванні ўсіх праблем мы дасягнулі ўзаемаразумення", - сказаў кіраўнік МЗС Беларусі.

"Мы спакойна глядзім у будучыню, і, я думаю, мы глядзім у адным і тым жа напрамку. Гэта вельмі важна, таму што ў мінулым многае было. Быў перыяд санкцый, якія не ўнеслі пазітыўнага ўкладу ў развіццё нашай краіны, - адзначыў Уладзімір Макей. - Я спадзяюся, што ў будучым гэтыя санкцыі будуць зняты, і гэта дапаможа нам прадоўжыць развіццё краіны ва ўсіх напрамках - палітычным, эканамічным, у сферы правоў чалавека і іншых".

"Самае галоўнае, што абодва бакі зацікаўлены ў тым, каб Беларусь падтрымлівала нармальныя адносіны з Еўрасаюзам. І я думаю, што гэта сустрэча вельмі важная для нашага будучага", - дадаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі