Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
11 студзеня 2017, 11:49

МЗС не выключае магчымасці пашырэння пераліку краін, грамадзяне якіх змогуць уязджаць у Беларусь без візы

11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства замежных спраў не выключае магчымасці пашырэння ў будучым пераліку краін, грамадзяне якіх змогуць уязджаць у Беларусь без візы на пяць дзён. Аб гэтым заявіў 10 студзеня на брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Ігар Фісенка.

Паводле яго слоў, цяпер у гэты пералік уваходзяць 80 дзяржаў, і планаў па яго пашырэнні пакуль няма. Разам з тым зыходзячы з практыкі прымянення ўказа будуць зроблены вывады аб эфектыўнасці прынятай меры і магчымасці яе далейшага развіцця, падкрэсліў Ігар Фісенка. "Што датычыцца развіцця гэтага пераліку краін, то, вядома, гэта магчыма. У першую чаргу мы будзем адказваць узаемнасцю на такія меры з боку іншых дзяржаў, а таксама з улікам таго, што міжнародныя адносіны развіваюцца і нашы двухбаковыя адносіны з замежнымі дзяржавамі развіваюцца, з'яўляюцца новыя партнёры, зразумела, яны могуць уключацца ў пералік па меры развіцця адносін", - сказаў ён.

Пры гэтым пашырэнне бязвізавага парадку ўезду ў Беларусь магчыма ў будучым не толькі шляхам дапаўнення названага пераліку, але і дабаўлення новых пунктаў пропуску, на якія будзе распаўсюджвацца прымаемая мера, а таксама павелічэння тэрмінаў знаходжання грамадзян, якія ўязджаюць.

Начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС таксама пракаменціраваў крытэрыі, па якіх быў сфарміраваны пералік. Паводле яго слоў, у яго ўвайшлі перш за ўсё асноўныя партнёры Беларусі, і не толькі гандлёвыя. Былі прыняты пад увагу турыстычныя патокі, а таксама развіццё бізнес-партнёрства з іншымі дзяржавамі. "Акрамя таго, улічаны і фактар узаемнасці. Калі вы звернеце ўвагу на тое, якія краіны прадастаўляюць ужо Беларусі бязвізавы ўезд, то практычна ўсе яны ёсць у пераліку. Яны калісьці пайшлі нам насустрач, і мы адказваем ім узаемнасцю", - рэзюмаваў ён.

Як паведамлялася, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 студзеня падпісаў указ нумар 8 "Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян". Дакументам устанаўліваецца бязвізавы парадак уезду ў Беларусь на тэрмін не больш як 5 сутак пры ўездзе праз пункт пропуску праз Дзяржаўную граніцу Нацыянальны аэрапорт Мінск для грамадзян 80 дзяржаў. Указ распаўсюджваецца на 39 краін Еўропы, уключаючы ўвесь Еўрасаюз, а таксама Бразілію, Інданезію, ЗША, Японію і іншыя дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі