Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
16 кастрычніка 2017, 11:05

Мясніковіч плануе наведаць Кітай

16 кастрычніка, Санкт-Пецярбург /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч плануе наведаць Кітай пасля ХІХ з'езда Камуністычнай партыі гэтай краіны. Размова аб гэтым ішла 14 кастрычніка на сустрэчы з намеснікам старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Пінам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што, у першую чаргу, дзякуючы асабістым шчырым адносінам кіраўнікоў Беларусі і Кітая паміж дзвюма краінамі развіваюцца надзейныя ўсебаковыя кантакты. "У нас вельмі высокі ўзровень узаемадзеяння, і ўсепагодны характар двухбаковага супрацоўніцтва дае магчымасць рухацца да стварэння прапанаванага Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам грамадства агульных інтарэсаў і грамадства адзінага лёсу", - заўважыў старшыня Савета Рэспублікі.

Ён перадаў словы ўдзячнасці кіраўніку кітайскага парламента за запрашэнне наведаць краіну адразу пасля 19-га з'езда Кампартыі Кітая і звярнуў увагу, што вядзецца актыўная падрыхтоўка гэтага візіту. "Я думаю, нам ёсць аб чым пагаварыць, абмеркаваць пытанні далейшага паглыблення беларуска-кітайскага супрацоўніцтва", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

"Я быў бы вельмі ўдзячны, калі б вы, у меру сваіх магчымасцей, садзейнічалі, каб у час майго візіту адбылася сустрэча са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Мы сустракаліся з яго правасхадзіцельствам ужо не адзін раз, калі я працаваў прэм'ер-міністрам Беларусі. Гэта вялікі чалавек, і заўсёды сустрэчы з ім узбагачаюць, надаюць новы імпульс супрацоўніцтву і цікавасць да праектаў, якія ініцыіруюцца спадаром Старшынёй", - адзначыў ён.

Да часу візіту Міхаіла Мясніковіча ў КНР 19-ы з'езд Камуністычнай партыі завершыць сваю работу, у сувязі з чым можна будзе весці дыялог на прынцыпова новай платформе, якую выпрацуюць удзельнікі гэтага з'езда.

Акрамя таго, беларускі бок прапануе па выніках візіту Міхаіла Мясніковіча падпісаць сумеснае камюніке, праект якога ўжо накіраваны ва Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў для ўзгаднення. Плануецца таксама падпісанне адпаведнага пагаднення на ўзроўні парламенцкіх груп дружбы.

"Мы вельмі актыўна працуем над рэалізацыяй дамоўленасцей, якія былі дасягнуты па выніках візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў маі ў вашу краіну. Цяпер у рабоце шэраг пагадненняў. Я думаю, можна іх таксама абмеркаваць. Калі ёсць нейкія заўвагі бакоў, можна выказаць іх у рамках візіту. У мяне будуць для гэтага адпаведныя паўнамоцтвы", - заявіў Міхаіл Мясніковіч.

ХІХ Усекітайскі з'езд Кампартыі павінен адкрыцца ў Пекіне 18 кастрычніка 2017 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі