Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
15 лістапада 2017, 12:58

Міжнародныя эксперты адзначаюць сістэмны падыход Беларусі да дасягнення Мэт устойлівага развіцця

15 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародныя эксперты адзначаюць сістэмны падыход Беларусі да дасягнення Мэт устойлівага развіцця. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар'яна Шчоткіна перад адкрыццём семінара-нарады "Мэты ўстойлівага развіцця - імплементацыя на нацыянальным і рэгіянальным узроўнях", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нядаўна быў вялікі семінар па дасягненні МУР, у якім удзельнічалі міжнародныя эксперты. І нам было вельмі прыемна пачуць аб тым, што з іх пункту гледжання Беларусь падышла больш сістэмна да гэтага пытання, чым шэраг іншых дзяржаў, - сказала Мар'яна Шчоткіна. - Мы распрацавалі архітэктуру кіравання дасягнення МУР. Ніколі не атрымаецца дасягнуць мэты, калі не ведаеш, як дзейнічаць. Усё павінна вырашацца сістэмна, комплексна. Наша архітэктура выбудавана і па вертыкалі, і па гарызанталі. У яе ўваходзіць нацыянальны каардынатар, Савет па ўстойлівым развіцці, які падзелены па 4 асноўных сектаральных групах. Гэта напрамкі эканомікі, экалогіі, сацыяльная палітыка і статыстычныя даныя. За межамі Савета па ўстойлівым развіцці, але разам з ім ажыццяўляючы аб'ектыўны маніторынг і грамадскі кантроль, створаны парламенцкая група і партнёрская група, у якую ўваходзяць грамадскія аб'яднанні".

Таксама вялікі ўклад уносяць рэгіянальныя групы, якія ўзначальваюць члены Савета па ўстойлівым развіцці - намеснікі старшынь аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.

"Каб наша работа была мэтанакіраванай, каб дасягненне мэт было сінхранізавана па ўсёй рэспубліцы, сёння на семінары сабраны ўсе кіраўнікі рэгіянальных, парламенцкай і партнёрскай груп, некаторыя іх члены. Асноўная задача семінара - агульнае паглыбленне ў праблему, выпрацоўка стратэгічных напрамкаў, аператыўных і тактычных задач", - дадала Мар'яна Шчоткіна.

Семінар-нарада "Мэты ўстойлівага развіцця - імплементацыя на нацыянальным і рэгіянальным узроўнях" праходзіць сёння ў Мінску. У цэнтры ўвагі - пытанні фарміравання нацыянальнай сістэмы паказчыкаў для маніторынгу МУР, іх рэалізацыя ў эканамічнай, экалагічнай і сацыяльнай сферах, асноўныя падыходы да фарміравання нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў кантэксце імплементацыі МУР. На семінары таксама прэзентавана публікацыя "Стартавыя пазіцыі Беларусі па дасягненні Мэт устойлівага развіцця" і нацыянальны варыянт лагатыпа, распрацаваны для пашырэння МУР.

Семінар-нарада праводзіцца па праграме праекта "Падтрымка дзейнасці нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця і ўмацаванне ролі парламента ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця", які фінансуецца Праграмай развіцця ААН. Міністэрства замежных спраў выступае нацыянальным выконваючым агенцтвам. Партнёры праекта - Савет Рэспублікі і Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі