Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
29 жніўня 2016, 10:23

Мінскія дамоўленасці з'яўляюцца безальтэрнатыўнай асновай для мірнага ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны - Парашэнка

29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскія дамоўленасці з'яўляюцца безальтэрнатыўнай асновай для мірнага ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка на сустрэчы ў Кіеве з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.

"Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка выказаў удзячнасць беларускаму боку за выдатную арганізацыю мінскіх перагавораў па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны. Падкрэсліў, што мінскія дамоўленасці з'яўляюцца безальтэрнатыўнай асновай для мірнага ўрэгулявання канфлікту", - расказалі ў МЗС.

Са свайго боку Уладзімір Макей запэўніў у гатоўнасці Беларусі і ў далейшым рабіць усё магчымае для ўстанаўлення міру ў брацкай Украіне.

На сустрэчы з Прэзідэнтам Украіны былі абмеркаваны таксама пытанні актывізацыі палітычнага дыялогу, у тым ліку на вышэйшым узроўні, пашырэння міжпарламенцкіх кантактаў, меры па актывізацыі гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, у тым ліку ўстараненне штучных бар'ераў ва ўзаемным гандлі.

Асобна разгледжаны перспектывы далейшай нармалізацыі адносін Беларусі з ЕС і ЗША пры садзейнічанні Украіны.

На сустрэчы таксама падкрэслена важнасць пашырэння гуманітарнага супрацоўніцтва, вывучэння беларускай мовы ва Украіне і ўкраінскай - у Беларусі.

Дасягнута дамоўленасць аб актывізацыі працэсу дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай дзяржаўнай граніцы.

У час сустрэчы Прэзідэнт Украіны падкрэсліў важную ролю ў развіцці двухбаковых адносін беларускай дыпмісіі ў Кіеве і яе кіраўніка - пасла Беларусі ва Украіне Валянціна Вялічкі, які прапрацаваў на гэтай пасадзе 15 гадоў.

Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей перадаў Прэзідэнту Украіны падарунак кіраўніка беларускай дзяржавы з нагоды 25-годдзя незалежнасці Украіны - "Слуцкі пояс".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі