Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
23 жніўня 2017, 14:56

Мінэнерга: Беларусь адказала на ўсе пытанні Літвы па АЭС у Астраўцы

23 жніўня, Астравец /Кар. БЕЛТА/. Беларусь адказала на ўсе пытанні Літвы па АЭС у Астраўцы, але гэта тэма палітызуецца літоўскім бокам, заявіў сёння журналістам намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гаворачы аб выбары пляцоўкі для будаўніцтва і прэтэнзіях Літвы ў сувязі з гэтым, намеснік міністра нагадаў, што быў праведзены беспрэцэдэнтна вялікі аб'ём пошукаў на дзясятках пляцовак, дзе патэнцыяльна магла б разгарнуцца атамная будоўля. У выніку вырашана было выбраць Астравец, паколькі там не выяўлена ніводнага фактара, які ўплываў бы на бяспеку будучай станцыі.

"Мы адказалі на ўсе пытанні нашых суседзяў, але пытанне перарасло ў палітычную плоскасць", - адзначыў Міхаіл Міхадзюк. Намеснік міністра звярнуў увагу, што Літва таксама мела намер будаваць атамную станцыю і нават разглядала магчымасць рэалізацыі расійскага праекта, з-за якога цяпер выказвае прэтэнзіі Беларусі. "Гэта палітыка двайных стандартаў, - лічыць ён. - Спажывец купіць тое, што лепш, якасней і танней. Тое ж прымяняльна і да электраэнергіі".

Міхаіл Міхадзюк нагадаў, што будаўніцтва АЭС павінна павысіць канкурэнтаздольнасць беларускай эканомікі і знізіць залежнасць ад паставак прыроднага газу. Так, з запускам станцыі спажыванне газу знізіцца на 5 млрд куб.м у год, выкіды парніковых газаў у атмасферу - на 7-10 млн т штогод.

Прыярытэтам пры будаўніцтве БелАЭС з'яўляецца бяспека і надзейнасць. Галоўнай асаблівасцю праекта ВВЭР-1200 з'яўляецца ўнікальнае спалучэнне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі, якія робяць станцыю максімальна ўстойлівай адносна знешніх і ўнутраных уздзеянняў.

Пры рэалізацыі атамнага праекта Беларусь цесна супрацоўнічае з міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку з МАГАТЭ, пастаянна запрашаючы місіі агенцтва, з Сусветнай асацыяцыяй арганізацый, якія эксплуатуюць атамныя электрастанцыі, дадаў Міхаіл Міхадзюк.

Беларуская АЭС будуецца па тыпавым расійскім праекце АЭС-2006 новага пакалення "3+" паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі - у 2020-м.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі