27 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей знаходзіцца з візітам у Вялікабрытаніі, паведамляе БЕЛТА.
У твітары з'явілася інфармацыя аб сустрэчы дзяржаўнага міністра па гандлёвай палітыцы Міністэрства знешняга гандлю Вялікабрытаніі Грэга Хэндса з кіраўніком беларускага знешнепалітычнага ведамства.
У час перагавораў бакі абмеркавалі гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні па пытаннях узаемадзеяння ў гэтай сферы паміж урадамі дзвюх краін.
Акрамя таго, паведамляецца аб сустрэчы Уладзіміра Макея з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця П'ерам Хейлбранам.
Карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі растлумачылі, што Уладзімір Макей знаходзіцца ў Вялікабрытаніі з планавым рабочым візітам.
Як паведамлялася, у верасні мінулага года адбыўся візіт у Беларусь дзяржаўнага міністра па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі Алана Дункана. Ён быў прыняты кіраўніком дзяржавы, адбыліся перагаворы з міністрам замежных спраў. Бакі канстатавалі канструктыўны характар праведзеных абмеркаванняў, намецілі шляхі далейшага развіцця супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.
Апошнія гады Вялікабрытанія з'яўляецца адным з вядучых эканамічных партнёраў Беларусі. Па экспарце беларускіх тавараў Вялікабрытанія апошнія некалькі гадоў устойліва займае трэцяе месца пасля Расіі і Украіны, адзначаецца на сайце беларускага дыппрадстаўніцтва ў Вялікабрытаніі.-0-