Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
22 мая 2018, 11:28

Макей у канцы мая зробіць рабочы візіт у Брусель

22 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у канцы мая зробіць рабочы візіт у Брусель. Аб гэтым ён паведаміў сёння на сустрэчы з пасламі па асаблівых даручэннях краін - членаў ЕС па справах "Усходняга партнёрства", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства адзначыў, што гэты год у адносінах паміж Беларуссю і ЕС пачаўся на пазітыўнай ноце, у прыватнасці, з візіту Еўракамісара па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханеса Хана. Затым у красавіку было праведзена пасяджэнне каардынацыйнай групы "Беларусь-ЕС", адбыўся таксама шэраг візітаў высокага ўзроўню прадстаўнікоў краін Еўрасаюза. "Ваш візіт таксама з'яўляецца яркім адлюстраваннем гэтага пазітыўнага трэнду. Я разлічваю на прадаўжэнне работы ў гэтым напрамку ў час майго рабочага візіту ў Брусель у канцы мая. Я скарыстаюся гэтай магчымасцю для абмеркавання нашага двухбаковага парадку дня з Еўракамісарам Ханам і кіраўніком Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Федэрыкай Магерыні", - сказаў міністр.

Уладзімір Макей таксама адзначыў, што ў чэрвені Беларусь будзе другі раз прымаць нефармальны міністэрскі дыялог краін "Усходняга партнёрства". Яго тэматыка будзе сфакусіравана на супрацоўніцтве ў лічбавай сферы, дзе Беларусь выступае ў якасці аднаго з лідараў. Кіраўнік МЗС разлічвае на прыезд Еўракамісара Ёханеса Хана і Еўракамісара па лічбавай эканоміцы Марыі Габрыэль для развіцця дыскусіі па ўмацаванні "Усходняга партнёрства" і яго лічбавага парадку дня перад штогадовай сустрэчай міністраў замежных спраў "Усходняга партнёрства" ў кастрычніку.

Гаворачы аб цяперашняй сустрэчы ў МЗС, міністр падкрэсліў, што такія мерапрыемствы з'яўляюцца важнай часткай пабудовы нармальных узаемавыгадных адносін з Еўрапейскім саюзам. Ён лічыць гэта вельмі важным з улікам рэгіянальнай абстаноўкі і выклікаў у міжнароднай бяспецы і гандлі. "Мы верым у важнасць пабудовы ўзаемадаверу праз адкрыты і канструктыўны дыялог, уключаючы інтэнсіфікацыю кантактаў з краінамі ЕС", - заявіў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Уладзімір Макей канстатаваў, што для многіх у ЕС Беларусь застаецца яшчэ не зусім вядомай. Ён выказаў надзею, што еўрапейскія дыпламаты ўбачаць, наколькі адрозніваецца рэальнасць ад таго, што яны прывыклі чуць і чытаць пра Беларусь.

Міністр пры гэтым адзначыў, што ў свеце няма ідэальных краін, і Беларусь у гэтым плане не выключэнне. Аднак ён падкрэсліў неабходнасць аб'ектыўнага падыходу, каб партнёры разам з магчымымі негатыўнымі момантамі заўважалі і пазітыўныя рэчы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі