Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
24 кастрычніка 2017, 11:53

Макей у інтэрв'ю Financial Times: Беларусь імкнецца праводзіць сапраўды незалежную палітыку

24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь імкнецца праводзіць сапраўды незалежную палітыку. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў у інтэрв'ю выданню Financial Times, паведамляе БЕЛТА.

"Мы не хочам залежаць ад каго б то ні было - Вашынгтон гэта, Брусель або Масква. Мы ўсяго толькі хочам праводзіць сапраўды незалежную палітыку. У гэтым кантэксце нашым інтарэсам адпавядае дыверсіфікацыя гандлёва-эканамічных адносін, і ЕС адыгрывае важную ролю ў нашых планах", - заявіў міністр.

Ён адзначыў, што ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу такім дзяржавам, як Беларусь, неабходна выбудоўваць эканамічныя адносіны з многімі краінамі.

Гаворачы аб кантактах з Еўрасаюзам, Уладзімір Макей заявіў аб неабходнасці стварыць сучасную прававую аснову для супрацоўніцтва. Цяпер узаемадзеянне паміж Беларуссю і ЕС ажыццяўляецца на аснове пагаднення паміж СССР і Еўрапейскім эканамічным супольніцтвам ад 1989 года. "Нам патрэбны канкрэтны асноватворны дакумент", - сказаў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.

У цэлым ён канстатаваў, што нарошчванне гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння з ЕС дасць Беларусі магчымасць умацаваць сваю палітычную незалежнасць.

Адносна дыялогу з ЕС па рознай тэматыцы міністр падкрэсліў гатоўнасць абмяркоўваць з еўрапейскімі партнёрамі ў тым ліку адчувальныя пытанні. Адначасова ён адзначыў важнасць паступальнага і эвалюцыйнага падыходу да тых ці іншых трансфармацый. "Відавочна, што немагчыма "заснуць" у таталітарным Савецкім Саюзе і "прачнуцца" ў стапрацэнтна дэмакратычнай дзяржаве. Гэта нерэальна", - заўважыў Уладзімір Макей.

У інтэрв'ю міністр закрануў і супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем, што поўнасцю адпавядае намеру беларускага боку дыверсіфікаваць адносіны з замежнымі партнёрамі. Гэта таксама ўмацоўвае палітычную і эканамічную незалежнасць Беларусі. Важна і тое, што кітайскі бок ніколі не выстаўляў якіх-небудзь умоў для больш актыўнага развіцця супрацоўніцтва.

Уладзімір Макей таксама падкрэсліў, што Расія, безумоўна, застаецца стратэгічным партнёрам Беларусі. Гаворачы аб апасеннях, якія выказваліся ў сувязі з праведзенымі ваеннымі вучэннямі "Захад-2017", міністр выказаў меркаванне, што "шуміха вакол іх была абсалютна штучнай". "Мы не нясём пагрозу ні нашым суседзям, ні іншым краінам", - звярнуў увагу ён.

Financial Times - вядучая міжнародная дзелавая газета, якая спецыялізуецца на публікацыі і аналізе навін са свету фінансаў і бізнесу. Яна была заснавана ў 1888 годзе ў Лондане і адносіцца да групы так званых якасных выданняў - салідных газет з вялікай гісторыяй, такіх як, напрыклад, The Times і The Guardian.

Сёння Financial Times выдаецца на англійскай мове ў 24 гарадах свету з агульным тыражом амаль 356 тыс. экзэмпляраў. Агульная колькасць чытачоў выдання, уключаючы інтэрнэт-карыстальнікаў, складае некалькі мільёнаў чалавек у дзень.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі