Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
15 лістапада 2017, 13:42

Макей: у адносінах Беларусі і Расіі няма рознагалоссяў, якія нельга вырашыць разумнымі кампрамісамі

15 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У адносінах Беларусі і Расіі няма рознагалоссяў, якія нельга вырашыць разумнымі кампрамісамі. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей па выніках сустрэчы ў Маскве з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Бакі адзначылі станоўчую дынаміку ўзаемнага гандлю ў бягучым годзе. Узаемны тавараабарот павялічыўся на 20 працэнтаў, што, паводле слоў міністра, сведчыць аб многім. "Спрэчныя пытанні ў гандлёва-эканамічнай сферы перыядычна ўсё ж узнікаюць, аднак вопыт нашых адносін сведчыць аб тым, што рознагалоссяў, якія нельга вырашыць з дапамогай разумных кампрамісаў, не існуе", - сказаў Уладзімір Макей.

Беларусь і Расія працягваюць курс на паглыбленне інтэграцыйнага ўзаемадзеяння, фарміраванне ўзгодненай палітыкі ў АБСЕ і іншых міжнародных арганізацыях. "Мы таксама абмеркавалі пытанні пазіцыянавання Еўразійскага эканамічнага саюза за мяжой і сфармулявалі пэўныя прапановы па гэтай тэме, якія накіруем нашым партнёрам", - заявіў міністр.

Паводле слоў Уладзіміра Макея, перагаворы з Сяргеем Лаўровым прайшлі ў даверным ключы. Бакі падпісалі праграму ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў - удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2018-2019 гады. "Гэта больш як 30 старонак дробнага почырка. Там прапісана вельмі шмат мерапрыемстваў, якія мы павінны рэалізаваць на працягу бліжэйшых двух гадоў. Яны датычацца нашага ўзаемадзеяння і на двухбаковых пляцоўках, і ў розных міжнародных арганізацыях. Я ўпэўнены, што рэалізацыя гэтай праграмы будзе садзейнічаць устанаўленню яшчэ больш цесных, даверных кантактаў паміж нашымі міністэрствамі і краінамі", - падкрэсліў ён.

Не менш значны, заўважыў Уладзімір Макей, падпісаны кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў план кансультацый на 2018 год. Ён уключае 23 мерапрыемствы. "Кансультацыі будуць праводзіцца па ўсіх пытаннях, якія датычацца нашага ўзаемадзеяння ў розных рэгіянальных, міжнародных арганізацыях, на двухбаковай аснове", - сказаў міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі