Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
21 верасня 2016, 20:00

Макей перадаў Генеральнаму сакратару ААН дакумент аб прыняцці Беларуссю Парыжскага пагаднення

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сёння ў ходзе цырымоніі высокага ўзроўню ў штаб-кватэры ААН перадаў Генеральнаму сакратару ААН Пан Гі Муну дакумент аб прыняцці Рэспублікай Беларусь Парыжскага пагаднення. Напярэдадні ўказ аб прыняцці дакумента падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.

Генеральны сакратар падзякаваў Беларусі за лідарства і актыўны ўдзел у міжнародным працэсе па барацьбе з пагаршэннем клімату.

22 красавіка 2016 года, у першы дзень адкрыцця Парыжскага пагаднення да падпісання, кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства падпісаў дакумент ад імя Беларусі. У прэс-службе нагадалі, што Парыжскае пагадненне было адобрана на канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату ў Парыжы ў снежні 2015 года. Яно ставіць за мэту не дапусціць глабальнага павышэння тэмпературы больш як на 2 градусы і імкнуцца да 1,5 градуса. Дасягнуць гэтага плануецца на аснове нацыянальных абавязацельстваў па скарачэнні шкодных выкідаў у атмасферу і з выкарыстаннем механізмаў міжнароднага супрацоўніцтва.

У ходзе цырымоніі інструменты аб прыняцці, ратыфікацыі або зацвярджэнні здала 31 дзяржава. Усяго на сёння 60 краін выказалі згоду на выкананне абавязацельстваў па Парыжскім пагадненні. Для яго ўступлення ў сілу неабходна згода 55 краін, на долю якіх прыпыдае не менш за 55 працэнтаў агульных глабальных выкідаў парніковых газаў. Гэты паказчык пакуль складае амаль 48 працэнтаў, у першую чаргу за кошт ратыфікацыі Кітаем і ЗША. Чакаецца, што ўступленне пагаднення ў сілу адбудзецца да чарговай сесіі бакоў Канвенцыі аб змяненні клімату ў лістападзе-снежні ў Марока.

Беларусь стала адной з першых еўрапейскіх краін, якія выказалі згоду на Парыжскае пагадненне, разам з Албаніяй, Ісландыяй, Нарвегіяй і Украінай.

Удзел Беларусі ў міжнародным кліматычным супрацоўніцтве разглядаецца ў кантэксце выканання Нацыянальнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і глабальных мэт устойлівага развіцця, адобраных сусветнымі лідарамі на саміце ААН у 2015 годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі