Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
08 лютага 2018, 10:31

Макей: Беларусь хоча набыць статус рэгіянальнага лідара ў IT-сферы

8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь хоча набыць статус рэгіянальнага лідара ў IT-сферы. Аб гэтым міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў у інтэрв'ю газеце "Известия", паведамілі БЕЛТА ў беларускім знешнепалітычным ведамстве.

Паводле слоў міністра, у Беларусі хочуць пабудаваць IT-краіну, каб максімальна выкарыстоўваць магчымасці, якія адкрывае лічбавая трансфармацыя эканомікі, набыць статус рэгіянальнага лідара ў IT-сферы. "З гэтай задачай мы цвёрда вызначыліся", - падкрэсліў ён.

"Мы ствараем нават не цяплічныя, а шмат у чым беспрэцэдэнтныя ўмовы і стымулы з тым, каб надаць максімальнае паскарэнне IT-сектару, а разам з ім і працэсу лічбавізацыі ўсёй эканомікі і краіны ў цэлым. Упэўнены, што далейшае дынамічнае развіццё Парка высокіх тэхналогій і стартапаў у Беларусі не прымусіць сябе доўга чакаць", - заявіў Уладзімір Макей.

Каменціруючы падпісаны нядаўна дэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканомікі", які ў тым ліку датычыцца сферы крыптавалют, кіраўнік МЗС адзначыў, што "не Мінск выходзіць на рынак біткойна". "Гэта да нас прыходзяць біткойн, блокчэйн і майнінг. Прычым на першым месцы тут для нас зусім не крыптавалюты, а імкненне выйсці на новыя тэхналагічныя гарызонты", - сказаў ён.

Беларусь, як і іншыя краіны, стаіць перад выклікамі эпохі лічбавай рэальнасці. "Мы хочам і гатовы як мага хутчэй інтэграваць новыя тэхналогіі ў нацыянальную эканоміку, - падкрэсліў Уладзімір Макей. - У нас ёсць шанц стаць першапраходцамі ў сферы выпрацоўкі прававых навацый па шэрагу шматабяцальных тэхналагічных сегментаў і сегментаў, якія развіваюцца. І мы маем намер ім скарыстацца, каб, у тым ліку, прыцягнуць у беларускую юрысдыкцыю перспектыўныя бізнесы".

Пры гэтым у Беларусі не ставяць перад сабой палітычных звышзадач або нейкіх геапалітычных мэт. "Гэта аб'ектыўна, з улікам памераў нашай дзяржавы і беларускай эканомікі. Мы аб гэтым не раз гаварылі. А вось шэраг практычных эканамічных інтарэсаў, аб якіх я ўжо згадваў, у нас ёсць", - адзначыў міністр.

Ён дадаў, што сёння ў многіх тэхналогіях блокчэйн асацыіруецца ў першую чаргу з крыптавалютай. "Аднак ёсць меркаванне і, відаць, небеспадстаўнае, што размеркаваныя базы даных, улічваючы іх характарыстыкі, знойдуць прымяненне не толькі ў фінансава-банкаўскай, але і ў іншых сферах - страхаванні, медыцыне, лагістыцы, магчыма, і ў дзяржаўным кіраванні. І тут мы не абмяжоўваемся толькі блокчэйнам", - сказаў кіраўнік МЗС.

Уладзімір Макей акцэнтаваў увагу, што Беларусь ужо многае зрабіла для таго, каб краіна набыла вядомасць сярод усіх тых, хто займаецца распрацоўкамі ў сферах штучнага інтэлекту, воблачных тэхналогій, вялікіх масіваў даных. Новыя тэхналогіі цікавяць Беларусь і з пункту гледжання прыцягнення ў нашу краіну таленавітых людзей, паспяховых кампаній і міжнародных карпарацый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі