Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
08 лістапада 2017, 17:23

Макей: Беларусь гатова аказваць пасільную дапамогу ўсім краінам, якія ў ёй маюць патрэбу

8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова аказваць пасільную дапамогу ўсім краінам, якія ў ёй маюць патрэбу. Аб гэтым заявіў сёння міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей па выніках перагавораў з прэзідэнтам Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа Петэрам Маўрэрам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Уладзімір Макей назваў станоўчым першы вопыт узаемадзеяння Беларусі з МКЧК па дастаўцы гуманітарнага грузу ва Украіну. "Мы па-ранейшаму гатовы аказваць пасільную дапамогу ўсім, хто ў гэтым мае патрэбу", - падкрэсліў міністр. Павдле яго слоў, пытанні аказання краінай гуманітарнай дапамогі ўкраінскім рэгіёнам, дзецям Сірыі і іншым краінам абмяркоўваліся сёння і на сустрэчы Петэра Маўрэра з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

У сваю чаргу Петэр Маўрэр адзначыў дружалюбную пазіцыю Беларусі ў адносінах да Украіны, падтрымку яе грамадзян у сувязі з ваенным канфліктам на ўсходзе гэтай краіны. "Гэта прыклад таго, якой павінна быць рэакцыя гуманітарнага характару з боку дзяржавы. Вядома, мы хочам працягваць нашу работу і пашыраць нашу дзейнасць у адказ на крызіс ва Украіне. Беларусь будзе нашым важным партнёрам пры рабоце ва ўрэгуляванні гэтага канфлікту і іншых па ўсім свеце", - сказаў ён.

Прэзідэнт МКЧК таксама звярнуў увагу, што Беларусь з'яўляецца актыўным членам многіх міжнародных і рэгіянальных структур. У сувязі з гэтым Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа зацікаўлены ў цесных адносінах з рэспублікай для пашырэння ўзаемадзеяння з гэтымі пляцоўкамі.

У цэлым Петэр Маўрэр высока ацаніў узровень супрацоўніцтва і партнёрства камітэта з беларускімі арганізацыямі і дзяржорганамі, у тым ліку з Міністэрствам юстыцыі, Міністэрствам абароны, Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа. "Беларусь з'яўляецца прыкладам таго, як міжнароднае гуманітарнае права інтэгруецца і імплементуецца ў грамадстве, ва Узброеных Сілах. Мы хочам падзяліцца вопытам Беларусі ва ўсім свеце", - сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі