Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
05 кастрычніка 2018, 19:11

Краўчанка: патрэбны больш актыўныя крокі па аблягчэнні доступу краін "Усходняга партнёрства" на рынак ЕС

5 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Неабходна прымаць больш актыўныя крокі па аблягчэнні доступу краін-удзельніц "Усходняга партнёрства" на рынак Еўрапейскага саюза. Аб гэтым намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка заявіў на сустрэчы старшых службовых асоб дзяржаў - удзельніц ініцыятывы Еўрапейскага саюза "Усходняе партнёрства" і краін - членаў ЕС, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.

"У сваім выступленні на пленарнай частцы сустрэчы Алег Краўчанка ўказаў на неабходнасць больш актыўных крокаў па развіцці гандлю і аблягчэнні доступу краін "Усходняга партнёрства" на рынак ЕС шляхам збліжэння стандартаў, прадастаўлення экспартных дазволаў ЕС прадпрыемствам гэтых краін, папярэдняга абмену мытнай інфармацыяй", - адзначылі ў прэс-службе МЗС.

Намеснік міністра выказаў зацікаўленасць Беларусі ў далейшым развіцці супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы ЕС з упорам на адчувальныя эканамічныя рэзультаты. Ён адзначыў прагрэс у распрацоўцы канкрэтных інвестыцыйных праектаў у транспартнай сферы і лічбавізацыі эканомікі, дамоўленасці краін Усходняга партнёрства аб узаемным зніжэнні тарыфаў на мабільны роўмінг, супрацоўніцтва ў маладзёжнай і адукацыйнай сферы.

Алег Краўчанка выказаўся за наладжванне прамога ўзаемадзеяння паміж Еўрапейскім саюзам і Еўразійскім эканамічным саюзам як ключавымі гандлёвымі партнёрамі краін "Усходняга партнёрства". Кіраўнік беларускай дэлегацыі адзначыў важнасць хутчэйшага запуску шэрага галіновых фінансавых інструментаў ініцыятывы. Ён падкрэсліў неабходнасць недыскрымінацыйнага доступу ўсіх краін ініцыятывы да рэсурсаў Еўрапейскага фонду ўстойлівага развіцця.

На сустрэчы таксама быў разгледжаны ход рэалізацыі дамоўленасцей брусельскага саміту "Усходняга партнёрства" ў лістападзе 2017 года, уключаючы "20 Прыярытэтаў "Усходняга партнёрства" на перыяд да 2020 года". Удзельнікі абмеркавалі прамежкавую справаздачу аб выніках работы па кожным з гэтых прыярытэтаў, якая будзе вынесена на зацвярджэнне ў ходзе сустрэчы міністраў замежных спраў "Усходняга партнёрства" 15 кастрычніка 2018 года ў горадзе Люксембургу.

Акрамя таго, намеснік міністра правёў сустрэчы з выканаўчым дырэктарам па справах Еўропы і Цэнтральнай Азіі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Томасам Майр-Хартынгам, а таксама прадстаўнікамі знешнепалітычных ведамстваў Нідэрландаў, Польшчы і Швецыі. На перагаворах былі абмеркаваны актуальныя пытанні адносін Беларусь-ЕС у двухбаковым фармаце і па лініі "Усходняга партнёрства".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі