Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
16 мая 2018, 13:02

Краіны СГА на пасяджэнні ў Жэневе падтрымалі крокі Беларусі па далучэнні да арганізацыі

16 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржавы - члены Сусветнай гандлёвай арганізацыі на дзясятым афіцыйным пасяджэнні рабочай групы па далучэнні Беларусі падтрымалі прымаемыя ўрадам краіны крокі ў гэтым напрамку. Такая інфармацыя размешчана на сайце Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, паведамляе БЕЛТА.

Дэлегацыю Беларусі на пасяджэнні ўзначаліў першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Аўдачэнка. У яе склад увайшлі прадстаўнікі міністэрстваў эканомікі, фінансаў, юстыцыі, сельскай гаспадаркі і харчавання, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, сувязі, лясной гаспадаркі, аховы здароўя, Нацыянальнага банка, Дзяржаўнага мытнага камітэта, Дзяржстандарту і Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці.

Андрэй Еўдачэнка расказаў аб развіцці беларускай эканомікі, праведзенай рабоце па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства, завяршэнні двухбаковых перагавораў па доступе на рынкі з Нарвегіяй, Эль-Сальвадорам, Гватэмалай і Ісландыяй.

Прадстаўнікі ЕС, Канады, Расіі, Арменіі, Кыргызстана, Казахстана, Таджыкістана, Кітая, В'етнама, Індыі, Новай Зеландыі, Аўстраліі, Бразіліі, Мексікі, Украіны, Швейцарыі, Нарвегіі, Турцыі, Японіі, Рэспублікі Карэя, Сальвадора, Эквадора, Кубы, Гватэмалы, Грузіі, Малдовы і іншых краін у сваіх выступленнях падтрымалі прымаемыя ўрадам Беларусі крокі па далучэнні да СГА, адзначылі істотны прагрэс у частцы прывядзення заканадаўства Беларусі ў адпаведнасць з правіламі арганізацыі. Большасць дзяржаў адзначыла, што ўступленне Беларусі ў СГА будзе садзейнічаць умацаванню міжнароднай гандлёвай сістэмы, што прадвызначае важнасць хутчэйшага завяршэння перагаворнага працэсу.

Бакі дэталёва абмеркавалі праект даклада рабочай групы па эканамічнай палітыцы Беларусі, рэгуляванні экспарту і імпарту, тэхнічных бар'ерах у гандлі, санітарных і фітасанітарных мерах, гандлёвых аспектах правоў на інтэлектуальную ўласнасць, гандлі паслугамі. Беларуская дэлегацыя адказала на паступіўшыя пытанні аб прававым рэгуляванні эканомікі, валютна-фінансавым рэгуляванні, доступе замежных інвестыцый у эканоміку краіны. Чакаецца, што трэцяя рэдакцыя праекта даклада будзе разгледжана на наступным афіцыйным пасяджэнні, запланаваным на чацвёрты квартал 2018 года.

Андрэй Еўдачэнка таксама правёў асобную сустрэчу са старшынёй рабочай групы - пастаянным прадстаўніком Турцыі пры СГА Кемалем Мадэнаглу. Дыпламаты абмеркавалі бягучую сітуацыю і далейшыя крокі ў перагаворным працэсе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі