25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнікі ўрадаў краін СНД плануюць разгледзець 14 праектаў дакументаў на саміце ў Душанбэ, паведамілі БЕЛТА ў Выканкаме СНД.
На пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД, якое адбудзецца 1 чэрвеня, плануецца разгледзець дакументы, накіраваныя на пашырэнне і паглыбленне ўзаемадзеяння ў эканамічнай, гуманітарнай і іншых сферах. "У вузкім фармаце плануецца абмяняцца думкамі па актуальных пытаннях супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы, заслухаць інфармацыю аб ходзе перагавораў па праекце пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі", - адзначылі ў Выканкаме.
У Выканкаме СНД назвалі найбольш значныя дакументы, якія кіраўнікі ўрадаў плануюць разгледзець на пасяджэнні ў шырокім складзе. Гэта праекты канцэпцыі супрацоўніцтва ў галіне інавацыйнага развіцця энергетыкі і распрацоўкі перадавых энергетычных тэхналогій, пагадненні аб фарміраванні і развіцці рынку інтэлектуальнай уласнасці. У гуманітарным блоку на саміце будзе абмяркоўвацца пытанне аб міжнародным маладзёжным праекце "100 ідэй для СНД".
Акрамя таго, на пасяджэнні плануецца абмеркаваць вынікі праведзеных у 2017 годзе дакументальных рэвізій фінансава-гаспадарчай дзейнасці органаў Садружнасці, якія фінансуюцца з адзінага бюджэту органаў СНД, прыняць рашэнні аб назначэнні намеснікаў старшыні Выканаўчага камітэта - выканаўчага сакратара СНД і старшыні Міждзяржаўнага статыстычнага камітэта Садружнасці.-0-