Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
17 ліпеня 2017, 15:17

Кіраўнікі МЗС краін АДКБ заклапочаны сітуацыяй у галіне інфармацыйнай бяспекі

17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністры замежных спраў дзяржаў - удзельніц АДКБ сёння па выніках пасяджэння ў Мінску выказалі заклапочанасць сітуацыяй у галіне інфармацыйнай бяспекі. Аб гэтым паведаміў журналістам генеральны сакратар Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Юрый Хачатураў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Міністры прынялі заявы, выказаўшы сваю заклапочанасць сітуацыяй у галіне інфармацыйнай бяспекі і кансалідаванае меркаванне адносна кампаніі апаганення памяці савецкіх воінаў-вызваліцеляў, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны", - сказаў Юрый Хачатураў.

Паводле яго слоў, удзельнікі пасяджэння таксама абмяняліся думкамі па бягучай сітуацыі ў свеце і задачах АДКБ. Быў прыняты шэраг рашэнняў, накіраваных на далейшае развіццё ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне. Зацверджаны пералік тэм сумесных заяў, з якімі АДКБ будзе выступаць на розных узроўнях і пляцоўках, каб давесці да партнёраў кансалідаваную пазіцыю дзяржаў - членаў арганізацыі па шэрагу глабальных пытанняў, якія разглядаюцца Генеральнай асамблеяй ААН.

"У прыватнасці, гэта пытанні барацьбы з тэрарызмам, забеспячэння ўсёабдымнай стабільнасці, неразмяшчэння зброі ў космасе, нераспаўсюджвання зброі масавага знішчэння. Будзе прадстаўлена пазіцыя па пытаннях, якія датычацца Афганістана, а таксама ваеннай актыўнасці на сумежных з зонай адказнасці АДКБ тэрыторыях, сумесных мер па ўмацаванні абароннага патэнцыялу дзяржаў - членаў АДКБ, падыходаў да ўрэгулявання існуючых канфліктаў, - адзначыў генеральны сакратар. - Да сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ будзе падрыхтавана Дэкларацыя ў сувязі з 25-годдзем Дагавора аб калектыўнай бяспецы і 15-годдзем арганізацыі".

Акрамя таго, на пасяджэнні былі прыняты рашэнні, якія датычацца арганізацыі работы АДКБ па афганскай праблематыцы і планавання кансультацый па пытаннях знешняй палітыкі, абароны і бяспекі, а таксама ўзгоднены дакументы, якія ўжо былі разгледжаны на папярэдніх пасяджэннях Савета міністраў абароны і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі АДКБ для іх прадстаўлення на рашэнне вышэйшага органа АДКБ - Савета калектыўнай бяспекі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі