Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
29 чэрвеня 2018, 11:54

Федэральны Прэзідэнт Германіі Штайнмаер прыбыў з візітам у Беларусь

29 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Федэральны Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер прыбыў з візітам у Беларусь, яго самалёт зрабіў пасадку ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У аэрапорце германскага прэзідэнта і яго жонку сустрэў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Чакаецца, што Франк-Вальтэр Штайнмаер сёння прыме ўдзел у мітынгу-рэквіеме, прысвечаным памяці ахвяр нацызму, на тэрыторыі былога лагера смерці "Трасцянец". У мерапрыемстве прыме ўдзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, а таксама Федэральны Прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Белен і экс-прэзідэнт Аўстрыі Хайнц Фішэр, якія прыбылі ў беларускую сталіцу напярэдадні. Плануецца ўдзел і многіх іншых замежных гасцей, уключаючы прадстаўнікоў дзяржаўных і грамадскіх арганізацый з Аўстрыі, Германіі, Ізраіля, Польшчы, Чэхіі.

Запланавана асобная сустрэча кіраўніка беларускай дзяржавы з Федэральным Прэзідэнтам Германіі. Акрамя таго, Франка-Вальтэра Штайнмаера чакаюць у якасці ўдзельніка на міжнароднай канферэнцыі "Помніць дзеля агульнай еўрапейскай будучыні" ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханеса Рау.

"Трасцянец" - адна з буйнейшых мясцін масавага знішчэння нацыстамі грамадзянскага насельніцтва ў перыяд 1941-1944 гадоў. Па колькасці ахвяр ён знаходзіцца на чацвёртым месцы пасля лагераў смерці "Асвенцім", Майданак" і "Траблінка". У "Трасцянцы" загінулі жыхары Беларусі, іншых савецкіх рэспублік, дэпартаваныя грамадзяне заходнееўрапейскіх дзяржаў, уключаючы Аўстрыю, Германію, Чэхаславакію. Паводле афіцыйных даных, у "Трасцянцы" абарвалася жыццё больш як 200 тыс. чалавек з розных краін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі