Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
30 сакавіка 2017, 17:46

Еўдачэнка прапанаваў стварыць каардынацыйны савет паміж Палатай прадстаўнікоў і Дзярждумай

30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка прапанаваў стварыць каардынацыйны савет паміж Палатай прадстаўнікоў і Дзярждумай. Размова аб гэтым ішла сёння на семінары, прысвечаным актуальным пытанням міжнароднай дзейнасці і міжпарламенцкага супрацоўніцтва Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў Андрэй Еўдачэнка, міжпарламенцкае ўзаемадзеянне заўсёды было важным элементам беларуска-расійскіх міждзяржаўных адносін. Ён нагадаў, што ў 2012 годзе было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Палатай прадстаўнікоў і Дзярждумай, па якім бакі абавязаліся садзейнічаць развіццю міжпарламенцкага ўзаемадзеяння ў інтарэсах умацавання раўнапраўных адносін у палітычнай, эканамічнай, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай і іншых галінах. "Аднак мы не можам ігнараваць той факт, што сёння ў Расіі выдаюцца заканадаўчыя акты, якія значна ўскладняюць развіццё гэтых мэт, не адпавядаюць міжнародным абавязацельствам, прынятым Расіяй у рамках асноўных інтэграцыйных аб'яднанняў - Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюза", - канстатаваў першы намеснік міністра замежных спраў. Свежы прыклад - у пачатку сакавіка расійскім урадам накіраваны ў Дзярждуму папраўкі аб мытным рэгуляванні. На думку Андрэя Еўдачэнкі, гэты дакумент можа нанесці істотны ўрон транзітнай прывабнасці Беларусі.

"Праблема неадпаведнасці шэрага расійскіх законапраектаў міжнародным абавязацельствам, прынятым Расіяй у нашых інтэграцыйных аб'яднаннях, прапрацоўвалася Дзярждумай шостага склікання. Былі падрыхтаваны адпаведныя змяненні ў рэгламент. Але ў Дзярждуме новага, сёмага склікання гэта работа не атрымала належнага працягу. Відавочна, што гэта прадмет для пастаяннай настойлівай работы з нашымі расійскімі калегамі", - перакананы першы намеснік кіраўніка МЗС.

Ён дапусціў, што, магчыма, настаў час рэалізаваць норму 7-га артыкула пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Палатай прадстаўнікоў і Дзярждумай і стварыць каардынацыйны савет на ўзроўні намеснікаў старшынь. "Гэты савет мог бы ажыццяўляць маніторынг бягучай заканадаўчай дзейнасці ў абедзвюх палатах, а таксама ва ўзаемадзеянні з выканаўчымі ўладамі аператыўна рэагаваць на асноўныя праблемныя пытанні", - растлумачыў Андрэй Еўдачэнка.

Яшчэ адзін варыянт - рэалізаваць ініцыятыву старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча, выказаную ў звароце да старшыні Савета Федэрацыі Валянціны Мацвіенка, па стварэнні сумеснай рабочай групы, якая будзе дзейнічаць пад кіраўніцтвам старшынь палат парламентаў і займацца вырашэннем праблемных пытанняў двухбаковага характару.

"Але да стварэння новых структур трэба падыходзіць узважана і скрупулёзна, каб не пладзіць новыя фарматы для прыліку", - заўважыў першы намеснік міністра. Ён выказаў меркаванне, што, магчыма, у гэтым выпадку варта перанесці цэнтр цяжару на Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі, на Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі