Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
28 сакавіка 2019, 13:12

Дэпутаты будуць улічваць пры падрыхтоўцы законапраектаў Канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі

28 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэпутатам неабходна ўлічваць пры падрыхтоўцы законапраектаў палажэнні Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі. Аб гэтым сёння на пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў заявіў яе старшыня Уладзімір Андрэйчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Уладзімір Андрэйчанка'

У Палаце прадстаўнікоў рыхтуюцца да разгляду законапраекты, якія патрабуюць абавязковага ўліку многіх палажэнняў канцэпцыі, звярнуў увагу Уладзімір Андрэйчанка. У якасці прыкладу ён прывёў законапраекты аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці, аб паштовай сувязі, аб персанальных даных і некаторыя іншыя.

У час пасяджэння'

"Зразумела, што гэта патрабаванне распаўсюджваецца абсалютна на ўсіх удзельнікаў заканадаўчага працэсу. Таму пастаянным камісіям трэба выбудоўваць сваю работу ў адпаведнасці з канцэпцыяй", - падкрэсліў спікер.

Усяго да вясенняй сесіі ў Палаце прадстаўнікоў цалкам падрыхтавалі 37 пытанняў. Многія з законапраектаў, якія плануецца разгледзець у Авальнай зале, выклікаюць павышаную цікавасць. Размова ідзе, напрыклад, аб новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса, папраўках у Кодэкс аб шлюбе і сям'і, карэкціроўцы законаў аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг, аб ахове працы і цэлым блоку праектаў у сферы аховы здароўя.

"Большасць змяненняў прадыктавана практыкай прымянення законаў, гэта значыць амаль за кожнай навацыяй стаіць канкрэтны чалавечы лёс або няпростая жыццёвая сітуацыя. І вельмі важна, каб па ўсіх гэтых пытаннях былі прыняты эфектыўныя рашэнні", - адзначыў спікер. Ён папрасіў дэпутатаў улічваць і тое, што патрабаванні ў сферы заканатворчасці павышаюцца, асабліва ў плане прагназавання наступстваў рашэнняў, якія прымаюцца.

Акрамя таго, Уладзімір Андрэйчанка заклікаў падтрымліваць пастаянны дыялог з выбаршчыкамі па ўсіх рэзанансных тэмах. "Мы бачым, якую прынцыповую пазіцыю займае ў гэтым пытанні Прэзідэнт. Таму тыя 20 мерапрыемстваў, якія пастаянныя камісіі плануюць у бліжэйшы час прысвяціць актуальным пытанням па законапраектах, павінны быць здабыткам не толькі вузкага кола спецыялістаў. Асабліва, калі размова ідзе аб абароне канстытуцыйных правоў і законных інтарэсаў грамадзян", - акцэнтаваў увагу спікер.

Два тыдні таму парламент упершыню апрабаваў новы фармат свайго ўзаемадзеяння з Канстытуцыйным судом. Яго пасланне Прэзідэнту і палатам Нацыянальнага сходу шырока абмяркоўвалася ў Авальнай зале з удзелам экспертаў. Уладзімір Андрэйчанка лічыць, што гэта крок у правільным напрамку і трэба прадумаць, як удасканаліць гэту практыку.-0-

Фота Генадзя Жынкова

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі