Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
07 верасня 2017, 12:54

Беларусі і Таджыкістану не хапае дакумента аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве - Андрэйчанка

7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дагаворную базу Беларусі і Таджыкістана неабходна папоўніць дакументам аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве. Такое меркаванне выказаў сёння старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Таджыкістана ў Беларусі, пастаянным паўнамоцным прадстаўніком Таджыкістана пры статутных і іншых органах СНД Казідаўлатам Каімдодавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў спікер, за гады супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана істотна развілася дагаворна-прававая база. "Усё ж такі 60 дзеючых пагадненняў - гэта значны пакет дакументаў", - лічыць Уладзімір Андрэйчанка. Ён таксама звярнуў увагу, што шэраг важных пагадненняў рыхтуецца да падпісання гэтай восенню.

Пры гэтым старшыня Палаты прадстаўнікоў канстатаваў, што да гэтага часу не падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж парламентамі Беларусі і Таджыкістана. Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, у час правядзення летняй сесіі ПА АБСЕ ў Мінску адбылася сустрэча беларускіх дэпутатаў з кіраўніком дэлегацыі Таджыкістана, у ходзе якой была адзначана зацікаўленасць таджыкскага боку ў заключэнні такога пагаднення.

У цэлым Уладзімір Андрэйчанка лічыць, што Беларусь і Таджыкістан заўсёды развівалі адносіны на аснове дружбы, узаемаразумення, даверу. "Гэта было відаць і на міжнароднай арэне. У прыватнасці, у ААН у нас, па-мойму, ніколі не было праблем з узаемнай падтрымкай, і ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, калі ваша краіна падтрымала Беларусь пры атрыманні статусу наглядальніка ў гэтай арганізацыі", - заўважыў спікер.

Сярод іншага ён адзначыў неабходнасць павелічэння тавараабароту, які ў 2011 годзе дасягаў больш як $70 млн, а ў далейшым знізіўся. Тым не менш Уладзімір Андрэйчанка канстатаваў, што за першае паўгоддзе 2017-га ўзаемны тавараабарот вырас амаль у 2,5 раза.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў выказаў удзячнасць Казідаўлату Каімдодаву за той уклад, які дыпламат унёс у развіццё беларуска-таджыкскіх адносін за гады работы ў Мінску.

У сваю чаргу Казідаўлат Каімдодаў прызнаўся, што падтрымлівае неабходнасць пашырэння дагаворна-прававой базы дзвюх краін, нагадаўшы, што пакет пагадненняў падпісаны ў тым ліку на міжрэгіянальным узроўні. Напрыклад, падпісаны дакументы аб супрацоўніцтве паміж Сагдыйскай і Віцебскай абласцямі, Сагдыйскай і Мінскай абласцямі, Яванскім і Уздзенскім раёнамі, гарадамі Худжанд і Магілёў.

Акрамя таго, пасол лічыць важным развіваць супрацоўніцтва па стварэнні сумесных вытворчасцей і прадпрыемстваў на тэрыторыі абедзвюх дзяржаў. Казідаўлат Каімдодаў таксама разлічвае на паглыбленне супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, павелічэнне колькасці таджыкскіх студэнтаў, якія вучацца ў беларускіх ВНУ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі