Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
10 ліпеня 2017, 10:22

Беларусь знаходзіцца яшчэ ў пачатку шляху па пераадоленні негатыўнага іміджу ў заходняй грамадскай думцы - Макей

10 ліпеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь знаходзіцца яшчэ ў пачатку шляху па пераадоленні негатыўнага іміджу ў заходняй грамадскай думцы. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў сёння на семінары кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў "Асноўныя напрамкі дзейнасці беларускіх загранустаноў у сучасных умовах", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў міністра, кантакты Беларусі з замежнымі краінамі становяцца ўсё больш інтэнсіўнымі, аб чым у тым ліку сведчыць правядзенне маштабных міжнародных мерапрыемстваў, рэгулярныя візіты дэлегацый з розных дзяржаў свету. "Шэраг паслядоўных і канструктыўных крокаў з нашага боку садзейнічаў умацаванню пазіцыі Мінска ў якасці надзейнай перагаворнай пляцоўкі. Гэта датычыцца не толькі ўрэгулявання крызісу ва Украіне", - сказаў Уладзімір Макей.

Ён адзначыў, што Беларусь таксама стала месцам правядзення важных міжнародных форумаў, у прыватнасці, мерапрыемстваў у рамках старшынства ў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве, а таксама праведзенага напярэдадні ў Мінску пасяджэння Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

"Сесія была праведзена на дастойным узроўні. Я сустракаўся са многімі парламентарыямі, і многія з іх гаварылі аб тым, што яны былі пазітыўна шакіраваны ўбачаным у Беларусі. Гэта не значыць, што наша работа на гэтым завяршаецца. Не, мы яшчэ ў пачатку вялікага шляху па пераадоленні таго негатыву, у многім іміджу, успрымання нашай краіны ў заходняй грамадскай думцы", - падкрэсліў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Уладзімір Макей таксама канстатаваў наяўнасць пазітыўных тэндэнцый і на знешнеэканамічным напрамку. Паводле яго даных, за пяць месяцаў бягучага года беларускі экспарт вырас амаль на 23 працэнты, што складае амаль $2 млрд. Разам з тым ён заклікаў дыпламатаў не радавацца гэтым лічбам з улікам нізкай базы мінулага года, адносна да якой адзначаецца рост экспарту.

Гаворачы аб штогадовым семінары, міністр падкрэсліў, што такія мерапрыемствы даюць магчымасць зверыць гадзіннікі па розных пытаннях і знайсці аптымальныя шляхі іх вырашэння. Уладзімір Макей таксама расказаў, што фармат цяперашняй вучобы дыпламатаў прадугледжвае нараду з удзелам кіраўніка дзяржавы, на якую запрошаны замацаваныя за канкрэтнымі краінамі вышэйшыя службовыя асобы, члены Савета Міністраў, кіраўнікі дзяржорганаў і арганізацый, вядучыя эксперты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі