Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
22 мая 2017, 15:30

Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні дыялогу з мясцовымі і рэгіянальнымі ўладамі краін ЕС і УП - сенатар

22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні дыялогу з мясцовымі і рэгіянальнымі ўладамі краін Еўрасаюза і "Усходняга партнёрства" (УП). Аб гэтым заявіў сёння журналістам старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, сустаршыня Бюро Канферэнцыі мясцовых і рэгіянальных улад краін "Усходняга партнёрства" Аляксандр Папкоў па выніках пасяджэння бюро ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Хачу яшчэ раз пацвердзіць зацікаўленасць беларускага боку ў пашырэнні дыялогу і канструктыўнага супрацоўніцтва з мясцовымі і рэгіянальнымі ўладамі краін Еўрасаюза і "Усходняга партнёрства", - заўважыў сенатар.

Паводле яго слоў, сёння ў час пасяджэння бюро сярод іншага былі разгледжаны асноўныя палажэнні рэкамендацый да пятага саміту УП (пройдзе ў лістападзе ў Бруселі), пры распрацоўцы якіх акцэнтр зроблены на вызначэнні канкрэтных задач у галіне эканамічнага супрацоўніцтва, развіцця інфраструктуры і міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння. Асаблівая ўвага ўдзелена ролі мясцовых і рэгіянальных улад у забеспячэнні энергаэфектыўнасці. "Актуальнасць гэтага пытання забяспечана, у першую чаргу, праблемай змянення клімату, якая хвалюе ўсю сусветную супольнасць. Пры гэтым павышэнне энергаэфектыўнасці з'яўляецца адным з эканамічна рэзультатыўных метадаў яе вырашэння, што садзейнічаюць зніжэнню выкідаў, павышэнню энергетычнай бяспекі, канкурэнтаздольнасці і даступнасці энергіі для спажыўца", - заўважыў Аляксандр Папкоў.

Вялікая роля ў гэтай справе адводзіцца мясцовым органам улады, здольным змяняць правілы і нормы работы за кошт вызначэння новых тэндэнцый і ўкаранення інавацыйных тэхналогій, скарачаючы выкіды вуглякіслага газу ў сваіх рэгіёнах. "Таму неабходна імкнуцца да больш цеснага супрацоўніцтва рэгіянальных і мясцовых улад з дзяржаўным сектарам для забеспячэння большага ўплыву на грамадскую думку, а таксама мабілізацыі прыватных і дзяржаўных рэсурсаў для вырашэння пытанняў клімату, экалогіі і энергаэфектыўнасці", - лічыць сенатар.

Удзельнікі пасяджэння таксама разгледзелі пытанні падтрымання эканамічнага росту, занятасці насельніцтва, развіцця турызму і ролі мясцовых органаў улады ў іх вырашэнні. Старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі лічыць, што пасяджэнне прадаставіла своечасовую магчымасць для абмеркавання патэнцыяльнага сумеснага ўкладу краін у бягучы еўрапейскі парадак дня напярэдадні маючага адбыцца саміту УП.

Як паведамлялася, супрацоўніцтва краін - удзельніц УП з Камітэтам рэгіёнаў Еўрапейскага саюза ў сферы мясцовага самакіравання ажыццяўляецца з 2011 года ў фармаце Бюро Канферэнцыі мясцовых і рэгіянальных улад краін "Усходняга партнёрства". Беларусь у бюро прадстаўляе Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры верхняй палаце парламента.

Старшынства Бюро Канферэнцыі мясцовых і рэгіянальных улад краін "Усходняга партнёрства" ажыццяўляецца двума сустаршынямі - дзеючым кіраўніком Камітэта рэгіёнаў ЕС і прадстаўніком краіны - партнёра УП. У кастрычніку 2016 - верасні 2017 года сустаршынёй выступае Беларусь. У склад Бюро Канферэнцыі мясцовых і рэгіянальных улад краін "Усходняга партнёрства" ўваходзяць 18 прадстаўнікоў краін УП (па тры ад краіны) і 18 прадстаўнікоў Камітэта рэгіёнаў ЕС.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі