Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
11 верасня 2018, 10:55

Беларусь зацікаўлена ў далейшай актывізацыі супрацоўніцтва з Еўропай - Мясніковіч

11 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў далейшай актывізацыі супрацоўніцтва з Еўропай. Аб гэтым сёння заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы (КМРУ) Гудрун Мослер-Цёрнстром, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што апошнія гады работа з СЕ, ЕС і ў цэлым з аб'яднанай Еўропай актывізавалася. "Мы гэта вітаем і зробім усё магчымае, каб гэтыя пазіцыі замацаваць і развіваць", - сказаў ён.

Спікер дадаў, што бакі нядрэнна рушылі наперад у супрацоўніцтве ў сферы мясцовага самакіравання.

Міхаіл Мясніковіч выказаў упэўненасць у паспяховым правядзенні круглага стала па актуальных пытаннях мясцовага самакіравання, які верхняя палата беларускага парламента сумесна з КМРУ правядзе ў Мінску. Спікер перакананы, што бакам удасца дасягнуць пастаўленых мэт і мерапрыемства атрымаецца ўзаемакарысным.

Гудрун Мослер-Цёрнстрэм падзякавала беларускаму боку за арганізацыю мерапрыемства. КМРУ, паводле яе слоў, разлічвае не толькі абмяняцца вопытам развіцця мясцовага самакіравання, але таксама вывучыць беларускія напрацоўкі ў гэтай сферы.

Як паведамлялася, у мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі кангрэса з Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Грэцыі, Румыніі. Узначаліць дэлегацыю старшыня КМРУ Гудрун Мослер-Цёрнстром.

У час круглага стала будуць разгледжаны пытанні збліжэння беларускага заканадаўства аб мясцовым кіраванні і самакіраванні і палажэнняў Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання. Размова таксама пойдзе аб удасканаленні сістэмы падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў для мясцовых органаў улады. Акрамя таго, эксперты абмяркуюць перспектывы развіцця асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена ўмацаванню пабрацімскіх сувязей як інструменту развіцця прыгранічных тэрыторый.

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы - кансультатыўны орган Савета Еўропы, які прадстаўляе мясцовыя і рэгіянальныя ўлады еўрапейскіх дзяржаў. Ён складаецца з Палаты мясцовых улад і Палаты рэгіёнаў. Савет па ўзаемаразвіцці органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь мае статус запрошанага наглядальніка ў КМРУ. У склад Кангрэса ўваходзяць 324 прадстаўнікі амаль 200 тыс. адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак 47 краін - членаў СЕ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі