Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
13 сакавіка 2018, 10:37

Беларусь заклікае да актывізацыі ўзаемадзеяння паміж АДКБ і ШАС у барацьбе з наркотыкамі

13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас 12 сакавіка ў час выступлення ў Вене на мерапрыемстве высокага ўзроўню "ААН і ШАС у барацьбе супраць наркотыкаў: агульныя пагрозы, сумесныя дзеянні" заклікаў да актывізацыі ўзаемадзеяння паміж АДКБ і ШАС па пытаннях процідзеяння сусветнай праблеме наркотыкаў. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.

Беларускі дыпламат праінфармаваў аб рэзультатыўным удзеле Беларусі сумесна з партнёрамі па АДКБ у маштабных антынаркатычных аперацыях "Канал", накіраваных на процідзеянне пранікненню незаконных наркотыкаў на тэрыторыю дзяржаў - членаў АДКБ. Андрэй Дапкюнас заклікаў да актывізацыі ўзаемадзеяння паміж АДКБ і ШАС па пытаннях процідзеяння сусветнай праблеме наркотыкаў.

Намеснік міністра канстатаваў рост патэнцыялу ШАС з улікам уступлення ў арганізацыю ў 2017 годзе Індыі і Пакістана, акцэнтаваў зацікаўленасць Беларусі ў пашырэнні супрацоўніцтва з гэтай рэгіянальнай арганізацыяй па пытаннях забеспячэння бяспекі і эканамічнага развіцця.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі намеснік Генеральнага сакратара ААН Юрый Фядотаў, генеральны сакратар ШАС Рашыд Алімаў, кіраўнікі дэлегацый дзяржаў-удзельніц, наглядальнікаў, партнёраў па дыялогу ШАС, прадстаўнікі міжнародных і рэгіянальных арганізацый. Мэтай сустрэчы стала ўмацаванне практычнага дыялогу ААН і ШАС па рэалізацыі сумесных праектаў і праграм па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў і іншымі формамі транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці.

У Вене Андрэй Дапкюнас таксама сустрэўся з намеснікам генеральнага дырэктара Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), дырэктарам дэпартамента тэхнічнага супрацоўніцтва Дажу Янгам. Прадстаўнік Беларусі пацвердзіў, што механізмы тэхнічнага супрацоўніцтва МАГАТЭ з'яўляюцца важным інструментам перадачы і ўкаранення перадавых ідэй, тэхналогій і вопыту ў ядзернай галіне. Ён выказаў задаволенасць тым, што па лініі праграмы тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусь рэалізавала маштабныя праекты па ўмацаванні і развіцці нацыянальнага патэнцыялу ў галіне мірнага выкарыстання атамнай энергіі. Бакі дасягнулі канкрэтных дамоўленасцей па далейшым развіцці ўзаемадзеяння Беларусі з агенцтвам, у тым ліку аб узгадненні і падпісанні ў 2018 годзе краінавых рамак супрацоўніцтва на перыяд да 2021 года.

У той жа дзень адбылася сустрэча беларускага дыпламата з генеральным дырэктарам ААН па прамысловым развіцці (ЮНІДА) Лі Ёнгам. Субяседнікі абмеркавалі стан і перспектывы супрацоўніцтва Беларусі з ЮНІДА, у тым ліку рэалізацыю праектаў тэхнічнай дапамогі па лініі гэтай арганізацыі. Генеральны дырэктар ЮНІДА запэўніў у актыўнай падтрымцы намаганняў Беларусі па мадэрнізацыі прамысловасці і ўкараненні інавацыйных тэхналогій.

Генеральны дырэктар ЮНІДА быў праінфармаваны аб ініцыятыве Беларусі па пашырэнні ў ААН інтарэсаў краін з сярэднім узроўнем даходу, уключаючы арганізацыю восенню гэтага года ў Нью-Ёрку пасяджэння высокага ўзроўню ААН, прысвечанага абмеркаванню ўкладу гэтай катэгорыі краін у выкананне Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. Таксама падрабязна абмеркаваны пытанні падрыхтоўкі сакратарыятам ЮНІДА праекта стратэгічных рамак супрацоўніцтва арганізацыі з краінамі з сярэднім узроўнем даходу.

У час праведзенага амерыканскім бокам мерапрыемства для кіраўнікоў дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у сесіі, намеснік міністра замежных спраў Беларусі правёў гутарку з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША па міжнародных пытаннях, звязаных з наркотыкамі і праваахоўнай дзейнасцю, Джэймсам Уолшам. Было адзначана паспяховае супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі па лініі праваахоўных органаў, абмеркаваны пытанні міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з наркотыкамі, а таксама магчымасці пашырэння двухбаковага ўзаемадзеяння ў праваахоўнай сферы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі