Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
04 ліпеня 2017, 17:07

Беларусь не ўзгадняла візіт Харасці ў якасці спецдакладчыка Савета ААН па правах чалавека

4 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь не ўзгадняла візіт Міклаша Харасці ў якасці спецыяльнага дакладчыка Савета ААН па правах чалавека. Аб гэтым начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык заявіў журналістам, паведамляе БЕЛТА.

Паводле яго слоў, Міклаш Харасці прыбыў у Беларусь не ў якасці спецыяльнага дакладчыка. Па ажыццяўленні спецдакладчыкамі краінавых візітаў існуе працэдура, якая прадугледжвае накіраванне Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) адпаведнага афіцыйнага запыту і атрыманне па дыпламатычных каналах афіцыйнай згоды прымаючага боку. "Беларусь не ўзгадняла візіт Харасці ў якасці спецыяльнага дакладчыка Савета ААН па правах чалавека", - падкрэсліў прэс-сакратар.

"Паводле існуючай у нас інфармацыі, Харасці прыбыў у Беларусь для ўдзелу ў адным з пазапраграмных мерапрыемстваў (side event), якія арганізуюць дэлегаты 26-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ (ПА АБСЕ). Прымаючы ў сябе дома такое аўтарытэтнае міжнароднае мерапрыемства, Беларусь узяла на сябе пэўныя абавязацельствы, у тым ліку адносна шырокага кола яго ўдзельнікаў. Гэта агульнапрынятая міжнародная практыка", - адзначыў Дзмітрый Мірончык.

"Пазіцыя беларускага боку застаецца нязменнай: мы не прызнаём краінавы мандат па Беларусі і не маем намеру з ім супрацоўнічаць. Таму знаходжанне Харасці ў Беларусі трэба разглядаць як радавы выпадак: ён знаходзіцца тут у якасці прыватнай асобы па запрашэнні прадстаўнікоў ПА АБСЕ", - дадаў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі