Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
06 жніўня 2019, 12:11

Беларусь накіравала запрашэнні назіраць за выбарамі міжнародным арганізацыям

6 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь накіравала запрашэнні назіраць за парламенцкімі выбарамі такім міжнародным арганізацыям, як ПА АБСЕ, Выканкам СНД, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва. Аб гэтым журналістам паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама расказала, што сёння атрымала адпаведную інфармацыю з МЗС. "Накіраваны пісьмы ў Парламенцкую асамблею АБСЕ, Выканкам СНД і Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва. Гэта значыць, наглядальнікі ад міжнародных арганізацый ужо запрошаны", - адзначыла яна.

У сваю чаргу ЦВК пазней накіруе запрашэнні калегам з Цэнтральных камісій і ў Сусветную асацыяцыю арганізатараў выбараў, якая базіруецца ў Рэспубліцы Карэя.

Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, запрашэнні плануецца накіраваць у Цэнтрвыбаркамы краін, куды ездзілі назіраць за выбарамі прадстаўнікі беларускай Цэнтральнай камісіі. "Гэта Расійская Федэрацыя, Украіна, Малдова, Арменія, Грузія, Азербайджан, Кыргызстан, Казахстан. Увогуле, усе краіны СНД плюс Украіна, Грузія і Карэя", - удакладніла Лідзія Ярмошына.

Назваць папярэднюю колькасць міжнародных наглядальнікаў яна не змагла, паколькі місіі яшчэ не сфарміраваны.

Сёння ў Мінску праходзіць пасяджэнне Цэнтральнай камісіі, на якім прымаюцца пастановы па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення выбараў у Нацыянальны сход Беларусі 7-га склікання. У прыватнасці, зацверджаны каляндарныя планы арганізацыйных мерапрыемстваў выбараў у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі.

Як паведамлялася, 30 ліпеня старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіла, што Беларусь будзе без абмежаванняў запрашаць міжнародных наглядальнікаў на парламенцкія выбары.

Кіраўнік дзяржавы 5 жніўня падпісаў указы нумар 293 і нумар 294 аб назначэнні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання. Яны пройдуць адпаведна 7 і 17 лістапада 2019 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі