Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
05 ліпеня 2018, 15:28

Беларусь і Венесуэлу звязваюць дружба, партнёрства і імкненне да захавання міру - пасол

5 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі і Венесуэлы шмат агульнага, а галоўнае - адзіны погляд на захаванне міру. Такое меркаванне выказаў сёння карэспандэнту БЕЛТА Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Хасэ Хаакін Багіяна Перычы перад пачаткам урачыстага мерапрыемства з нагоды 207-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Венесуэлы.

"Адносіны Беларусі і Венесуэлы маюць характар стратэгічнага партнёрства. Мы займаем аднолькавую пазіцыю на міжнароднай арэне - у пытаннях захавання міру, шматпалярнага і справядлівага. У эканоміцы ваша рэспубліка была і застаецца нашым важным партнёрам, асабліва ў сферы прамысловасці і будаўніцтва жылля. Значнасць партнёрства пацвярджаецца кантактамі на самым высокім узроўні", - сказаў пасол.

Выступаючы на мерапрыемстве, дыпламат падкрэсліў сімвалізм таго, што ўсяго некалькі дзён таму адзначаўся Дзень Незалежнасці Беларусі, а сёння аналагічнае свята ў Венесуэлы. Святкаванне такіх важных дзяржаўных свят у абедзвюх краінах вельмі падобнае - з ваенным парадам, шырокім удзелам грамадзян, вялікім канцэртам. Але ў Венесуэле ёсць адна асаблівасць: арыгінал акта аб падпісанні незалежнасці, які захоўваецца ў Нацыянальнай асамблеі, выстаўляецца перад грамадскасцю.

Святочнае мерапрыемства з нагоды 207-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Венесуэлы прайшло ў скверы імя Сімона Балівара. У мінулым годзе, калі Беларусь прымала з афіцыйным візітам Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуру, тут быў устаноўлены помнік Сімону Балівару - выдатнаму дзеячу, змагару за незалежнасць іспанскіх калоній у Паўднёвай Амерыцы. "Гэта стала магчымым дзякуючы сумесным намаганням урадаў нашых краін. І асабліва радасна праводзіць першае свята ля гэтага помніка. Ён таксама сведчыць аб вельмі цёплых адносінах паміж нашымі краінамі, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць", - падкрэсліў пасол.

Намеснік начальніка ўпраўлення Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, начальнік аддзела Лацінскай Амерыкі МЗС Беларусі Павел Пуставой пацвердзіў, што за больш як 20 гадоў адносіны паміж Беларуссю і Венесуэлай прайшлі выпрабаванне на трываласць і сёння вызначаюцца высокім узроўнем узаемнага даверу і павагі. "Мы ганарымся тым, што гэтыя адносіны можна назваць не проста партнёрскімі - сяброўскімі. Нашы дзяржавы выступаюць з аднолькавай пазіцыяй у ААН, Руху недалучэння і іншых арганізацыях. Развіваецца дыялог на самым высокім узроўні. Супрацоўніцтва ўключае як рэалізацыю двухбаковых праектаў, так і сумесныя зборачныя вытворчасці, узаемадзеянне ў сельскагаспадарчай, будаўнічай, нафтагазавай сферах. Развіццё партнёрства з Венесуэлай з'яўляецца адным са стратэгічных напрамкаў знешняй палітыкі Беларусі", - сказаў Павел Пуставой.

На мерапрыемстве таксама прысутнічалі прадстаўнікі органаў дзяржкіравання і прадпрыемстваў, грамадскіх аб'яднанняў, моладзь. Услед за спадаром паслом і ваенным аташэ Венесуэлы ў Беларусі Гільерма Сегунда Барбоза Эрэдыя яны таксама ўсклалі кветкі да помніка Сімону Балівару.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі