Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
24 красавіка 2019, 19:37

Беларусь і ЕС абмяркоўваюць у Мінску развіццё палітычнага дыялогу і галіновага супрацоўніцтва

24 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёмае пасяджэнне Каардынацыйнай групы Беларусь - ЕС праходзіць 24-25 красавіка ў Мінску. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Беларускую дэлегацыю на сённяшнім пасяджэнні ўзначаліў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, еўрапейскую - кіруючы дырэктар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па справах Еўропы і Цэнтральнай Азіі Томас Маер-Хартынг. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў дзяржкіравання Беларусі, профільных падраздзяленняў Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. У шэрагу сегментаў пасяджэння прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх няўрадавых арганізацый.

Бакі абмеркавалі стан і перспектывы двухбаковых адносін Беларусі з Еўрасаюзам, удзел краіны ў ініцыятыве ЕС "Усходняе партнёрства", супрацоўніцтва ў сферах эканомікі і фінансаў, гандлю, сельскай гаспадаркі, адукацыі, навукі, экалогіі, транспарту, лічбавых тэхналогій, міжнароднай тэхнічнай дапамогі, а таксама пытанні правоў чалавека.

На палях мерапрыемства адбылася сустрэча Алега Краўчанкі з Томасам Маер-Хартынгам, на якой абмяркоўваўся стан палітычнага дыялогу і галіновага супрацоўніцтва Беларусі з Еўрасаюзам, удзел у ініцыятыве ЕС "Усходняе партнёрства", рэалізацыя ў Беларусі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі Еўрапейскага саюза, а таксама сітуацыя ва Усходнееўрапейскім рэгіёне.

Каардынацыйная група Беларусь - ЕС правяла сваё першае пасяджэнне ў красавіку 2016 года. Гэты фармат створаны для структураванага дыялогу па ўсім спектры двухбаковага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. 

Пасяджэнні праходзяць раз у паўгоддзе. Удзел у іх прымаюць прадстаўнікі Еўрапейскай камісіі, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, профільных органаў дзяржкіравання Беларусі. Папярэднія перагаворы адбыліся 12-13 снежня 2018 года ў Бруселі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі