Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
16 сакавіка 2017, 13:01

Андрэйчанка заклікаў парламентарыяў больш актыўна падключыцца да аднаўлення тавараабароту Беларусі і Казахстана

16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы са старшынёй Мажыліса (ніжняй палаты) парламента Казахстана Нурланам Нігматуліным заклікаў парламентарыяў дзвюх краін актыўней падключыцца да аднаўлення тавараабароту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вялікая тэма для размовы - нашы гандлёва-эканамічныя адносіны. У цэлым яны развіваюцца нядрэнна, - адзначыў спікер. - Але насцярожвае той момант, што знізіўся тавараабарот, амаль на 30 працэнтаў, за мінулы год". На яго думку, гэта не адпавядае магчымасцям дзвюх краін, і рабочым групам, сфарміраваным у парламентах Беларусі і Казахстана, трэба значна папрацаваць над гэтым пытаннем.

Уладзімір Андрэйчанка лічыць сімвалічным, што візіт парламенцкай дэлегацыі Казахстана праходзіць у час 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін. На яго думку, за гэтыя гады для развіцця двухбаковых кантактаў зроблена вельмі шмат, яны выведзены на стратэгічны ўзровень, і ключавую ролю ў гэтым адыгралі прэзідэнты дзвюх дзяржаў. Але не засталіся ўбаку таксама ўрады, міністэрствы і ведамствы, дэпутаты. Спікер адзначыў, што расцэньвае цяперашні візіт як магчымасць абмеркаваць пытанні, якія застаюцца нявырашанымі.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў лічыць, што даволі паспяхова Беларусь і Казахстан узаемадзейнічаюць у міжнародных арганізацыях, заўсёды аказваюць адзін аднаму падтрымку. Уладзімір Андрэйчанка таксама праінфармаваў субяседніка, што напярэдадні ў Мінску было падпісана пагадненне аб правядзенні ў ліпені 26-й летняй сесіі ПА АБСЕ, у сувязі з чым у сталіцу прыбыла старшыня Парламенцкай асамблеі Крысцін Мутонен. Спікер выказаў надзею, што дэлегацыя Казахстана прыме самы актыўны ўдзел у рабоце летняй сесіі.

У сваю чаргу Нурлан Нігматулін выказаў удзячнасць Уладзіміру Андрэйчанку за запрашэнне наведаць Беларусь. Ён адзначыў, што краіна з'яўляецца для Казахстана адным з важных партнёраў у палітычным і гандлёва-эканамічным плане.

Па аб'ёме беларускага экспарту Казахстан уваходзіць у дзясятку асноўных партнёраў Беларусі і з'яўляецца трэцім сярод краін СНД (пасля Расіі і Украіны). За 2016 год тавараабарот Беларусі з Казахстанам склаўся ў памеры $419,1 млн, з дадатным сальда на карысць беларускага боку. Аснову беларускага экспарту склалі трактары і седлавыя цягачы, малако і малочныя прадукты, машыны і механізмы для ўборкі і абмалоту сельскагаспадарчых культур, грузавыя аўтамабілі, мэбля.

На тэрыторыі Казахстана функцыянуе восем сумесных зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі і абсталявання. Бакамі вядзецца работа па запуску яшчэ шасці зборачных вытворчасцей у Казахстане (ААТ "Пінскі завод сродкаў малой механізацыі", ТАА "Дарэлектрамаш" і інш.).

Асноватворным дакументам у галіне практычнага развіцця двухбаковых адносін з'яўляецца план мерапрыемстваў развіцця супрацоўніцтва паміж урадамі Беларусі і Казахстана на 2017-2018 гады. Дарожная карта ахоплівае ўсе сферы ўзаемадзеяння, уключаючы гандлёва-эканамічныя, навукова-тэхнічныя, культурныя, гуманітарныя, рэгіянальныя і іншыя пытанні.

Парламентарыі дзвюх краін актыўна супрацоўнічаюць на міжнародных пляцоўках - Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў СНД, ПА АДКБ, Міжпарламенцкага саюза, ПА АБСЕ. У Нацыянальным сходзе Беларусі шостага склікання створана рабочая група па супрацоўніцтве з парламентам Казахстана. У Мажылісе таксама дзейнічае аналагічная група.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі