Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
16 сакавіка 2017, 09:00

Андрэйчанка і Мутонен падпісалі пагадненне аб правядзенні ў Мінску 26-й летняй сесіі ПА АБСЕ

16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка і старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ Крысцін Мутонен падпісалі пагадненне аб правядзенні ў Мінску 26-й летняй сесіі ПА АБСЕ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Летняя сесія ПА АБСЕ пройдзе ў Мінску 5-9 ліпеня і будзе прысвечана ўмацаванню ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў імя міру і працвітання ў рэгіёне. Усяго чакаецца каля 700 гасцей. У цэлым плануецца насычаная праграма, якая ўключае пасяджэнне пастаяннага камітэта ПА АБСЕ і агульных камітэтаў па палітычных пытаннях і бяспецы, па эканамічных пытаннях, навуцы, тэхналогіі і навакольным асяроддзі, па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях. У якасці асноўных перагаворных пляцовак вызначаны адміністрацыйны комплекс на праспекце Пераможцаў, 14 і "Прэзідэнт-атэль".

Размаўляючы з журналістамі па выніках цырымоніі, Уладзімір Андрэйчанка выказаў меркаванне, што візіт дэлегацыі ПА АБСЕ ў Беларусь - значны крок у развіцці супрацоўніцтва з гэтай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыяй. Паводле яго слоў, важна, што прапанова аб правядзенні маючай адбыцца сесіі менавіта ў Мінску зыходзіла ад прадстаўнікоў асамблеі і атрымала падтрымку краін-удзельніц.

Як адзначыў спікер, галоўнай тэмай яго сустрэчы з Крысцін Мутонен сталі ключавыя пытанні арганізацыйнага характару, якія трэба будзе вырашаць ужо ў бліжэйшы час.

У сваю чаргу Крысцін Мутонен звярнула ўвагу, што ў ПА АБСЕ заўсёды складваліся выдатныя адносіны з беларускай дэлегацыяй, і яна разлічвае, што гэтак будзе і ў далейшым. Што датычыцца 26-й летняй сесіі, якая пройдзе ў Мінску, яна прагназуе вельмі цікавыя дыскусіі сярод палітыкаў і парламентарыяў. Крысцін Мутонен таксама праінфармавала, што падагульняючым дакументам стане Мінская дэкларацыя з рэкамендацыямі для ўдзельнікаў.

"Апошнім часам Мінск стаў пляцоўкай міжнародных перагавораў, міжнародных падзей, і мы спадзяёмся, што наша мерапрыемства ўнясе ў гэту справу свой уклад", - дадала старшыня ПА АБСЕ.

Парламенцкая асамблея АБСЕ створана ў красавіку 1991 года ў Мадрыдзе (Іспанія), у яе рабоце прымаюць удзел 323 парламентарыі, якія прадстаўляюць 57 краін. Асноўнымі задачамі з'яўляюцца садзейнічанне міжпарламенцкаму дыялогу, падтрымка дэмакратычных інстытутаў у дзяржавах - удзельніцах АБСЕ, развіццё супрацоўніцтва і бяспекі ў рэгіёне. Галоўная падзея ў дзейнасці ПА АБСЕ - штогадовая летняя сесія, на якой выбіраюцца кіраўніцтва і службовыя асобы асамблеі, прымаюцца дэкларацыі і рэзалюцыі.

25-я сесія ПА АБСЕ праходзіла ў пачатку ліпеня 2016 года ў Тбілісі (Грузія).-0

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі