Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
26 жніўня 2016, 19:35

Адрозныя мэты палітычнага развіцця не павінны ствараць праблем для супрацоўніцтва Беларусі і Украіны

26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адрозныя мэты палітычнага развіцця не павінны ствараць праблем для супрацоўніцтва Беларусі і Украіны. Аб гэтым кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей заявіў сёння ў Кіеве, адказваючы на пытанні журналістаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.

"Магчыма, Беларусь і Украіна маюць крыху адрозныя мэты палітычнага развіцця сваіх дзяржаў. Я маю на ўвазе, што Украіна імкнецца да больш цесных адносін з Еўрапейскім саюзам. Мы хочам мець нармальныя адносіны і з Еўрапейскім саюзам, але мы з'яўляемся членамі Еўразійскага эканамічнага саюза. Самае галоўнае - мы ўсе павінны разумець, што гэта не павінна ствараць ніякіх праблем для нашага двухбаковага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах і галінах", - заявіў міністр.

"Наадварот, мы павінны знайсці новыя магчымасці, каб гэта супрацоўніцтва атрымала ўсёабдымны характар, каб яно было выгадным і для дзяржаў, і для народаў, і для канкрэтнага чалавека ў Беларусі і Украіне", - дадаў Уладзімір Макей.

Міністр адзначыў, што на сёння прынцыповых праблемных пытанняў і рознагалоссяў у беларуска-ўкраінскіх адносінах няма, але прысутнічаюць дробныя пытанні, якія перыядычна ўзнікаюць. "Гэтыя пытанні маюць у большай ступені тэхнічны характар: недзе нехта ўнёс, можа, прапанову аб абмежаванні супрацоўніцтва па пастаўках ці то тэхнікі, ці то тых ці іншых тавараў - у выніку вузкага разумення спецыфікі гэтага пытання. Але мы павінны зыходзіць з таго, што заўсёды трэба знаходзіць вырашэнне праблем. І мы гатовы да іх вырашэння, нават калі гэта запатрабуе кампрамісаў", - сказаў ён.

Уладзімір Макей удакладніў, што ў бліжэйшы час плануецца пасяджэнне сумеснай міжурадавай камісіі, на якой будуць разгледжаны гэтыя тэхнічныя аспекты двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. "Перакананы, што ў нас заўсёды ёсць гатоўнасць і воля для таго, каб гэтыя пытанні вырашаліся ў дружалюбным ключы", - рэзюмаваў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Гаворачы аб праведзенай сустрэчы з міністрам замежных спраў Украіны Паўлам Клімкіным, Уладзімір Макей расказаў, што бакі абмеркавалі ўвесь спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. Сярод іх узаемадзеянне на міжнароднай арэне, двухбаковае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, развіццё палітычных кантактаў, пытанні абсталявання граніцы, адносіны з ЕС, амерыканскімі партнёрамі, супрацоўніцтва ў ваеннай сферы і паміж рознымі міністэрствамі і структурамі Беларусі і Украіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі