Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
26 жніўня 2019, 16:08
Генадзь Салавей

Звышзадача педагогаў - стварыць у школах атмасферу фізічнага і псіхалагічнага камфорту

Генадзь Салавей

Стварэнне ў школах атмасферы фізічнага і псіхалагічнага камфорту назваў звышзадачай педагогаў на рэгіянальным жнівеньскім педсавеце старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На педагагічным форуме, удзел у якім прынялі 1 тыс. чалавек, падвялі вынікі фарміравання дарожнай карты адукацыйнай сістэмы рэгіёна на новы навучальны год. "Калі задача ўлады - рамантаваць школы, будаваць дзіцячыя пляцоўкі, адкрываць секцыі, дзе кожнае дзіця можа рэалізаваць сваё права на якасную адукацыю, праявіць творчасць і сацыяльную актыўнасць, то звышзадача педагогаў - стварыць у школах такую атмасферу фізічнага і псіхалагічнага камфорту, каб дзеці ішлі туды з задавальненнем і адчувалі сябе як дома", - перакананы Генадзь Салавей. Раўназначнымі ён назваў такія складнікі спрыяльнага клімату, як бяспека, здаровы лад жыцця, якаснае навучанне, падтрымка таленавітых дзяцей і дзяцей з праблемамі здароўя.

Губернатар заклікаў кіраўнікоў адукацыйнай сферы прадоўжыць работу па ўкараненні і належным функцыянаванні стандартаў бяспекі. Так, у вобласці ва ўсіх установах адукацыі, якія знаходзяцца ў зоне рэагавання Дэпартамента аховы, устаноўлены кнопкі трывожнай сігналізацыі. Аднак, на думку старшыні аблвыканкама, на асаблівым кантролі павінна быць сітуацыя па ўстаноўцы сістэм відэанагляду. "На гэты год выдзелены сродкі на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі на 24 школы. Давядзіце тэму да лагічнага канца", - паставіў задачу ён.

Паводле слоў старшыні аблвыканкама, у аснове работы і органаў улады, і педагагічнай супольнасці павінны быць жыццё і здароўе дзіцяці. І гэта не толькі збалансаваны рэжым работы і адпачынку, але і сур'ёзныя планавыя медыцынскія агляды. "Не галопам перад пачаткам навучальнага года, а на працягу ўсяго каляндарнага года, - падкрэсліў кіраўнік рэгіёна. - Прывучайце дзяцей з ранняга ўзросту сачыць за сваім здароўем".

Яшчэ адзін важны аспект - урокі фізкультуры. "Падкрэсліваю: фізічнай культуры, а не так, як некаторыя думаюць, спорту высокіх дасягненняў. Нагадаю: у нас па штатным раскладзе ў школах настаўнікі фізкультуры, а не трэнеры секцый. Ваш урок - урок разрадкі, урок пераключэння з разумовай работы на займальную фізічную", - сказаў Генадзь Салавей.

Гаворачы аб гарманічным фізічным развіцці і занятках спортам, старшыня аблвыканкама нагадаў, што ў мінулым годзе былі пабудаваны басейн у Ветцы, фізкультурна-спартыўны комплекс у Брагіне, міні-футбольная пляцоўка ў аграгарадку Мічурынская Гомельскага раёна. У жніўні 2019 года ў Гомелі адкрылі лыжаролерную трасу сусветнага ўзроўню. У перспектыве гэтага года - рэканструкцыя стадыёна "Прыпяць" у Петрыкаве, увод футбольнага манежа на стадыёне "Прамень" у Гомелі, басейна пасля капітальнага рамонту ў спартыўнай школе Мазыра. Пры комплексным добраўпарадкаванні раённых цэнтраў вобласці абавязковай умовай стала адкрыццё маладзёжных спартыўных пляцовак.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі